§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны
3. Агрэсіўная палітыка фашысцкіх дзяржаў
З 1935 г. Германія пачала рэалізоўваць палітыку далучэння да яе тэрыторый, населеных немцамі. Першай на падставе рэферэндуму была далучана Саарская вобласць. Неўзабаве фашызм перайшоў у наступленне ў міжнародным маштабе. У 1935 г., бачачы пасіўнасць дэмакратычных дзяржаў у адносінах да Японіі і Германіі, Італія акупіравала Абісінію (Эфіопію) — апошнюю незалежную дзяржаву ў Афрыцы, якая ўваходзіла ў Лігу Нацый. Ліга і дэмакратычныя дзяржавы выразілі слабы пратэст, але адмовіліся прыпыніць італьянскую кампанію шляхам закрыцця Суэцкага канала для італьянскіх караблёў і ўвядзення нафтавага эмбарга. У наступным годзе Гітлер увёў войскі ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону на мяжы з Францыяй і Бельгіяй. Вядучыя еўрапейскія дзяржавы зноў абмежаваліся ўсяго толькі пратэстамі. Такім чынам, у 1930-я гг. Германіі ўдалося дабіцца фактычнай адмены ўмоў Версальскага дагавора, у Еўропе разгараўся першы ачаг ваеннай небяспекі.
У ліпені 1936 г. частка іспанскай арміі на чале з Ф. Франка ўзняла мяцеж супраць урада рэспубліканскай Іспаніі, які мяцежнікі лічылі празмерна левым і антыкаталіцкім. У грамадзянскай вайне ў Іспаніі Італія і Германія дапамагалі нацыяналістам — так называлі сябе прыхільнікі Ф. Франка, а СССР падтрымліваў рэспубліканцаў.
У 1938 г. Гітлер вырашыў, што пераўзбраенне нямецкай арміі прасунулася дастаткова далёка, і гэта цалкам дазваляе задаволіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У лютым 1938 г. нацысты ўзмацнілі ціск на Аўстрыю, запатрабаваўшы рэфармаваць аўстрыйскі ўрад і прызначыць яго кіраўніком нацыянал-сацыяліста. Было пастаўлена пытанне аб аншлюсе Аўстрыі. Аўстрыйскія ўлады прызначылі на 13 сакавіка рэферэндум па гэтай праблеме. Аднак на досвітку 12 сакавіка 1938 г. 300-тысячная нямецкая армія рынулася ў Аўстрыю. Большасць яе жыхароў былі германамоўнымі, і на рэферэндуме ў красавіку 1938 г. пад ціскам нацыстаў больш як 99 % аўстрыйцаў ухвалілі аншлюс.
На Далёкім Усходзе Японія прыступіла да рэалізацыі сваіх паназіяцкіх планаў экспансіі. У 1931—1932 гг. яна акупіравала Маньчжурыю і стварыла там марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. Яе тэрыторыя была ператворана ў плацдарм для вядзення вайны ў Кітаі і падрыхтоўкі нападу на СССР з мэтай адарвання ад яго тэрыторыі на ўсход ад возера Байкал.
У 1933 г. Японія пакінула Лігу Нацый, а ў ліпені 1937 г. пачала буйнамаштабную вайну, захапіўшы цэнтральны Кітай. Такім чынам, у Азіі таксама ўзнік ачаг вайны.