Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 8–2. Адмена прыгоннага права

4. Спецыфіка мясцовых "Палажэнняў" для Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў

Парадак землеўпарадкавання сялян Беларусі і выканання імі павіннасцей вызначалі два мясцовыя "Палажэнні". У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях адмена прыгонніцтва ажыццяўлялася паводле мясцовага «Палажэння» для гэтых губерняў. Рэдакцыйныя камісіі распрацавалі яго па прычыне таго, што тут яшчэ з XVI—XVII стст. было сялянскае падворнае землекарыстанне, а павіннасці адпрацоўвалі не па колькасці душ, а па колькасці і якасці зямлі.

Дзеля вырашэння на месцах пытання аб суразмернасці канкрэтных зямельных участкаў з павіннасцямі ў кожным павеце ствараліся спецыяльныя праверачныя камісіі, якія на працягу шасці гадоў пасля зацвярджэння статутных грамат павінны былі разбіраць асноўныя рознагалоссі і спрэчкі паміж памешчыкамі і сялянамі. Аналага такога органа ў вялікарускі губернях не прадугледжвалася. Акрамя гэтага, распрацоўваючы асобнае "Палажэнне" для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, урад кіраваўся палітычнымі меркаваннямі. У названых губернях найбольшую колькасць землеўладальнікаў складалі беларускія і літоўскія памешчыкі, якія былі настроены супраць царызму, падтрымлівалі польскі нацыянальна-вызваленчы рух, імкнучыся перацягнуць мясцовае сялянства на свой бок. У гэтых умовах сялянскае пытанне набыло асаблівую палітычную вастрыню, і сялянскія хваляванні прадстаўлялі тут найбольшую небяспеку.

Памешчыкі пры падзеле зямлі звычайна выбіралі сабе самую ўрадлівую, што прывяло да цераспалосіцы (змешвання, чаргавання) панскіх і сялянскіх надзелаў. Цераспалосіца стрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, перашкаджала інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі.