§ 8–2. Адмена прыгоннага права
2. Падрыхтоўка рэформы
Асноўнай прычынай, якая стрымлівала Аляксандра II ад правядзення рэформ, быў страх выклікаць незадавальненне дваранства. Аднак большая частка прыгоннікаў варожа ставілася да падрыхтоўкі рэформы, а астатнія чакалі, жадаючы даведацца, што прапануе ўрад.
У такіх умовах было вырашана арганізаваць «ініцыятыву» з боку саміх дваран. Аляксандр II даў даручэнне Віленскаму генерал-губернатару У. І. Назімаву схіліць дваранства заходніх губерняў да праявы «ініцыятывы» ў справе вызвалення сялян ад прыгоннага права.
Улетку 1857 г. па прапанове У. І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў пачалі абмеркаванне неафіцыйнай прапановы ўрада аб вызваленні сялян. У верасні 1857 г. у Пецярбург былі перададзеныя прапановы ад беларускіх памешчыкаў, у якіх выяўлялася пажаданне вызваліць сялян, але без зямлі.
У адказ на прапанову памешчыкаў 20 лістапада 1857 г. быў апублікаваны рэскрыпт Аляксандра II У. І. Назімаву. Ён афіцыйна абвяшчаў пачатак падрыхтоўкі сялянскай рэформы. Але абавязковай умовай яе правядзення аб'яўлялася прадастаўленне сялянам не толькі сядзібнай, але і палявой зямлі за выкуп. Для падрыхтоўкі праектаў рэформы прапаноўвалася ў бліжэйшы час стварыць губернскія дваранскія камітэты, якія павінны былі выказаць канкрэтныя прапановы па вызваленні сялян.
Рэскрыпт захоўваў за памешчыкамі ўласнасць на зямлю. Сяляне ж мелі права толькі на сядзібу, якую яны на працягу пэўнага часу абавязаны былі выкупіць. Акрамя таго, сяляне маглі мець пэўны палявы надзел, за які яны абавязваліся выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў і ўрада. За памешчыкамі таксама захоўвалася права паліцэйскага нагляду над сялянамі ў вотчынах.
У канцы 1857 г. аналагічны па змесце рэскрыпт быў разасланы начальнікам іншых губерняў з тым, каб памеснае дваранства прыступіла да распрацоўкі праектаў адмены прыгону па прапанаванай урадам праграме. У 1858 г. Сакрэтны камітэт, створаны годам раней, быў рэарганізаваны ў Галоўны камітэт па сялянскай справе. Яго праграма грунтавалася на прынцыпах рэскрыпта У. І. Назімаву і меркавала не ліквідацыю, а толькі змякчэнне прыгоннай залежнасці. У сакавіку 1859 г. пры Галоўным камітэце былі створаны рэдакцыйныя камісіі. Яны на аснове прапаноў губернскіх камітэтаў павінны былі выпрацаваць агульны праект палажэнняў аб адмене прыгоннага права. Новая ўрадавая праграма, у адрозненне ад старой, падрывала асновы прыгону: сяляне атрымліваюць уласную свабоду, забяспечваюцца зямельнымі надзеламі ў пастаяннае карыстанне з правам выкупіць іх ва ўласнасць.