§ 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.
2. Дзейнасць Беларусі ў ААН
Важным прыярытэтам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўзаемадзеянне з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Удзел у працы ААН, сістэме яе органаў і спецыяльных устаноў дазваляе больш эфектыўна вырашаць задачы знешнепалітычнага забеспячэння працэсаў развіцця беларускай дзяржавы і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі.
У 1992 г. у Мінску адкрылася прадстаўніцтва ААН. Беларусь актыўна супрацоўнічае з такімі арганізацыямі і ўстановамі сістэмы ААН, як Спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародная арганізацыя працы (МАП), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ) і іншымі.
Наша краіна адной з першых падпісала Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, а таксама Парыжскую хартыю для новай Еўропы, што дазволіла ёй стаць паўнапраўным удзельнікам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), прынята ў Міжнародны валютны фонд (МВФ).
Рэспубліка Беларусь дасягнула вялікіх поспехаў у супрацоўніцтве з еўрапейскімі краінамі па пераадоленні доўгатэрміновых наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 8 снежня 2016 г. на пленарным пасяджэнні Генеральная Асамблея ААН прыняла ініцыяваную і падрыхтаваную дэлегацыяй Беларусі рэзалюцыю «Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы». Важным сімвалічным элементам рэзалюцыі з’яўляецца абвяшчэнне 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе.