Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 18. БССР на міжнароднай арэне ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.

4. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі Савета эканамічнай узаемадапамогі

З 1947 г. пачалося ажыццяўленне «плана Маршала» — ​праграмы эканамічнай дапамогі ЗША краінам Еўропы. Мэтамі рэалізацыі плана былі аднаўленне разбуранай вайной эканомікі, заахвочванне прыватных амерыканскіх інвестыцый, мадэрнізацыя прамысловасці еўрапейскіх краін, свабодны доступ амерыканскіх тавараў на рынкі краін — ​атрымальнікаў дапамогі і развіццё Еўропы ў цэлым, а таксама абмежаванне ўплыву Савецкага Саюза ў Еўропе, паколькі галоўнай умовай «плана Маршала» было не дапускаць прадстаўнікоў камуністычных партый у нацыянальныя ўрады.

Фармальна ЗША прапанавалі распаўсюдзіць план і на СССР. Аднак СССР адмовіўся ад амерыканскай дапамогі. У процівагу «плану Маршала» ім быў прапанаваны «план Молатава». План заключаўся ў тым, каб выдаткаваць частку бюджэту Савецкага Саюза для эканамічнай дапамогі краінам, якімі кіравалі камуністычныя партыі. Для каардынацыі эканамічнага супрацоўніцтва ў студзені 1949 г. быў створаны Савет эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ). Яго ўдзельнікамі сталі сацыялістычныя краіны Еўропы (Румынія, Венгрыя, Балгарыя, Польшча, Чэхаславакія), акрамя Югаславіі, а пазней у яго ўступілі Манголія, В’етнам і Куба.

З моманту стварэння СЭУ пачаўся новы ­перыяд знешнеэканамічных адносін Беларусі з замежнымі краінамі. Эканоміка рэспублікі як складаная частка адзінага гаспадарчага комплексу СССР была ўключана ў знешнеэканамічныя сувязі з сацыялістычнымі краінамі свету. Першапа­чаткова з рэспублікі ў краіны СЭУ вывозілася ­сыравіна. З сярэдзіны 1950-х гг. адбыліся істотныя змены ў структуры экспартных паставак. З БССР у сацыялістычныя краіны паступала прадукцыя машынабудавання — ​аўтамабілі, а пазней трактары, металарэзныя станкі і інструменты, машыны дарожнага і сельскагаспадарчага прызначэння, калійныя ўгнаенні. У 1970-я — ​першай палове 1980-х гг. у краіны СЭУ пастаўляліся вырабы электроннай прамысловасці і радыётэхнікі, веласіпеды, матацыклы, гадзіннікі, нафта і нафтапрадукты, прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасці і інш. На краіны — ​члены СЭУ прыпадала прыкладна 2/3 экспартнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

БССР з’яўлялася адной з удзельніц стварэння аб’яднанай энергасістэмы «Мір», будаўніцтва нафтаправода «Дружба», што мела важнае значэнне для развіцця эканомікі дзяржаў, звязаных з дзейнасцю гэтых аб’ектаў.

Прамысловы патэнцыял БССР быў уключаны ў комплексную праграму развіцця эканамічнай інтэграцыі краін — ​членаў СЭУ. Аднак знешнеэканамічная дзейнасць прадпрыемстваў рэспублікі строга рэгламентавалася з саюз­нага цэнтра. Валютныя паступленні вытворцам былі нязначнымі; як вынік, у іх адсутнічала эканамічная зацікаўленасць.