Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 18. БССР на міжнароднай арэне ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.

3. Знешнепалітычная дзейнасць БССР. Удзел у барацьбе міжнароднага супольніцтва за вырашэнне глабальных сацыяльна-палітычных праблем, за мір і бяспеку

Беларускія дыпламаты актыўна ўключыліся ў працу. Ужо на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1946 г.) па ініцыятыве беларускай дэлегацыі была прынята рэзалюцыя аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў, якія здзейснілі злачынствы супраць сусвету і чалавецтва. Рэзалюцыя патрабавала ад краін — ​членаў ААН прыняцця самых энергічных мер па пошуку ваенных злачынцаў, іх арышце і выдачы тым краінам, на тэрыторыі якіх яны здзейснілі злачынствы.

Савецкая Беларусь у хуткім часе стала членам шэрагу міжнародных спецыя­лізаваных арганізацый, якія дзейнічаюць у рамках ААН: Міжнароднага саюза электрасувязі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (1948 г.), Міжнароднай арганізацыі працы (1954 г.), Арганізацыі ААН па справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА, 1954 г.), Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ, 1957 г.).

Першым дыпламатычным прадстаўніцтвам БССР за мяжой стала Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН (1958 г.). У 1962 г. прадстаўніцтва БССР з’явілася пры Еўрапейскім аддзяленні ААН у Жэневе і пры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дэлегацыя БССР удзельнічала ў абмеркаванні найбольш значных праблем міжнароднага супрацоўніцтва краін: аб падтрыманні міру, асуджэнні прапаганды вайны, ліквідацыі каланіяльнай сістэмы і інш. Па ініцыятыве БССР сесія Генеральнай Асамблеі ААН у 1973 г. прыняла рэзалюцыю аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і сацыяльнага развіцця. На аснове гэтай прапановы беларускай дэлегацыяй пасля былі распрацаваны адпаведныя дэкларацыя і рэзалюцыі ААН, якія датычыліся забароны распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння.

Удзел БССР у працы ААН меў вялікае гістарычнае значэнне, адпавядаў нацыянальным інтарэсам беларускага народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусветная супольнасць прызнавала яе суверэннай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала права абірацца ў галоўныя органы ААН, у тым ліку ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх сусветных праблем, выказваць сваю пазіцыю ў ААН, выносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі.