Print this chapterPrint this chapter

§ 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

5. Ураджэнцы Беларусі ў еўрапейскім руху Супраціўлення і на франтах Другой сусветнай вайны

Многія нашы землякі прынялі актыўны ўдзел у антыфашысцкім руху Супраціўлення ў краінах Еўропы.

Адным з лепшых памочнікаў камандзіра італьянскай 16-й гарыбальдыйскай дывізіі «Вігана» быў 19-гадовы Аляксандр з Мінска (вядома толькі яго імя). Аляксандр загінуў у снежні 1944 г. У Італіі загінуў таксама А. К. Кісялёў, ураджэнец вёскі Стары Стан Клімавіцкага раёна, які змагаўся ў партызанскай брыгадзе «Матэоці-ды-Мантанья». Шаснаццацігадовым юнаком быў дэпартаваны на прымусовыя работы М. С. Фралоў з вёскі Сідаравічы Магілёўскага раёна. Апынуўшыся ў Італіі, ён уцёк да партызан. Пасля вызвалення Італіі Фралоў атрымаў «пасведчанне патрыёта».

Інжынер з Дзяржынска А. В. Варанкоў у 1943 г. здзейсніў уцёкі з фашысцкага канцлагера і ўзначаліў штаб партызанскага атрада, а затым брыгады, якія дзейнічалі на тэрыторыі Бельгіі. Пасля выгнання фашысцкіх захопнікаў ён у ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам Бельгіі.

Апынуўшыся ў канцэнтрацыйных лагерах, выхадцы з Беларусі ўсталёўвалі кантакты з антыфашысцкім рухам на волі, прымалі ўдзел у стварэнні баявых цэнтраў, якія дзейнічалі ў Асвенціме, Дахау, Бухенвальдзе, Заксенхаўзене і інш. Падпольную арганізацыю ў канцэнтрацыйным лагеры Маўтхаўзен пасля гібелі генерал-лейтэнанта Д. М. Карбышава ўзначаліў ураджэнец горада Чавусы Магілёўскай вобласці палкоўнік Л. Я. Маневіч. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план паўстання. Вязні захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да падыходу саюзнікаў.

У Францыі дзейнічаў арганізаваны збеглымі з канцлагера «Эрувіль» беларускімі партызанкамі і падпольшчыцамі асобы жаночы атрад «Радзіма». Камандзірам яго была выбрана мінчанка Н. І. Лісавец, а пасля — Р. 3. Сямёнава-Фрыдзон. Абедзвюм было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі.

Брыгаду імя К. Готвальда, якая дзейнічала ў Чэхаславакіі, узначальваў ураджэнец Лепельскага раёна В. А. Квіцінскі. Толькі ў верасні 1944 г. брыгада ажыццявіла 158 баявых аперацый. Савецкі ўрад прысвоіў яе камандзіру званне Героя Савецкага Саюза.

Ураджэнцы Беларусі — удзельнікі руху супраціву зрабілі значны ўклад у барацьбу еўрапейскіх народаў за вызваленне ад нацызму.