Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў

5. Супраціўленне мірнага насельніцтва акупацыйнаму рэжыму

Насельніцтва партызанскіх зон актыўна ўдзельнічала ва ўзброенай барацьбе супраць акупантаў. Жыхары папаўнялі рады партызан, вялі разведку. Дзякуючы існаванню партызанскіх зон сотні тысяч людзей былі выратаваны ад знішчэння і палону. Каб абараніць насельніцтва падчас уборкі ўраджаю, толькі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях партызаны правялі ў жніўні 1943 г. каля ста буйных баёў супраць спецыяльных каманд акупантаў, прызначаных для захопу і вывазу збожжа. Партызанскія зоны з'яўляліся агітацыйна-прапагандысцкімі цэнтрамі. Тут выпускаліся газеты, працавалі радыёстанцыі, праводзіліся гутаркі і лекцыі, дэманстраваліся кінафільмы.

Неабходна адзначыць, што эфектыўная партызанская барацьба была б немагчымая без шырокай падтрымкі мясцовага насельніцтва. Яно забяспечвала партызан прадуктамі, адзеннем, збірала выведвальныя дадзеныя, а таксама ўступала ў партызанскія атрады. Напрыклад, толькі жыхары Магілёва з вясны 1942 г. па сакавік 1943 г. перадалі партызанам мінамёт, 50 кулямётаў, 40 аўтаматаў, 300 пісталетаў, 2000 гранат, 200 кг толу і больш за 100 тыс. патронаў.