§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў
3. Партызанскія злучэнні, іх баявая дзейнасць. «Рэйкавая вайна»
Партызанскае злучэнне — адна з арганізацыйных форм аб'яднання партызанскіх брыгад, палкоў, атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі, акупаванай захопнікамі. Баявы і колькасны склад злучэнняў залежаў ад партызанскіх сіл у раёне, іх дыслакацыі, умоў размяшчэння, матэрыяльнага забеспячэння, характару баявых задач. На акупаванай тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў. Узначальвалі іх звычайна сакратары падпольных абкамаў, міжрайкамаў партыі.
1943 г. стаў годам карэннага пералому ў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах. Разгром германскай арміі пад Сталінградам, Арлом і Курскам паклаў пачатак пераходу стратэгічнай ініцыятывы да Чырвонай Арміі.
Разгортвалася так званая «рэйкавая вайна» — аперацыі партызан па масавым разбурэнні чыгунак з мэтай дэзарганізацыі нямецкіх ваенных перавозак. У Беларусі яна праводзілася ў тры этапы.
Першы этап «рэйкавай вайны» праводзіўся ў пачатку жніўня 1943 г., калі савецкія войскі распачалі контрнаступленне пад Курскам. У выніку на 40 % скараціліся перавозкі для германскіх войскаў на фронце.
Другі этап «рэйкавай вайны» пад назвай «Канцэрт» праводзіўся ў другой палове верасня – кастрычніку 1943 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі.
Трэці этап пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. напярэдадні беларускай наступальнай аперацыі і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі.