§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў
2. Стварэнне партызанскіх зон і партызанскіх краёў
Падчас узброенай барацьбы з акупантамі партызанам удавалася адваёўваць цэлыя раёны, дзе аднаўлялася савецкая ўлада. Гэтыя тэрыторыі ў тыле ворага атрымалі назву партызанскіх зон і краёў. Партызанскі край аб'ядноўваў дзве і больш партызанскіх зон. Увосень 1941 г. такія партызанскія зоны з'явіліся ў Палескай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Да лістапада 1942 г. на акупаванай беларускай тэрыторыі было створана 9 шырокіх партызанскіх зон: 8 — ва ўсходняй частцы рэспублікі і 1 — у Заходняй. Перавага партызанскіх зон ва ўсходняй частцы рэспублікі тлумачыцца больш шырокім развіццём тут партызанскага руху. Партызанскія краі сталі ўтварацца на базе партызанскіх зон з зімы 1942/1943 г.; найбольшая колькасць іх былва ў 1943 г.
Партызаны ахоўвалі адваяваную ў акупантаў тэрыторыю, зрывалі спробы нацыстаў пракрасціся ў вызваленыя раёны. На важных напрамках будаваліся абарончыя ўмацаванні. На аддаленых подступах да партызанскіх зонах выстаўляліся дазорныя пасты, а на шляхах магчымага падыходу праціўніка кругласутачна дзяжурылі добра ўзброеныя групы партызан. Гэтыя групы першымі прымалі бой і забяспечвалі магчымасць падцягнуць на небяспечны ўчастак асноўныя сілы.
У некаторых населеных пунктах, там, дзе дазвалялі ўмовы, аднавілася праца прамысловых прадпрыемстваў — электрастанцый, млыноў, зброевых майстэрняў і да т. п. Вялікая ўвага надавалася арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Да канца 1943 г. пад кантролем партызан знаходзілася каля 60 % тэрыторыі Беларусі. Гэта быў самы магутны супраціў акупантам у Еўропе.