Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў

1. Арганізацыя Партызанскага і падпольнага руху. Стварэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху і Беларускага штаба партызанскага руху

З першых дзён вайны пачалася праца па арганізацыі падполля і партызанскіх атрадаў.

Па звестках на 25 ліпеня 1941 г. у рэспубліцы было сфарміравана 118 партызанскіх атрадаў і груп. Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі. Гэта быў адзін з першых партызанскіх атрадаў у Беларусі. Узначальваў яго В. З. Корж. У гэты ж час у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці быў арганізаваны партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначалілі Ц. П. Бумажкоў і Ф. І. Паўлоўскі — ​першыя з савецкіх партызан, якім 6 жніўня 1941 г. было нададзена званне Героя Савецкага ­Саюза.

Разгром немцаў пад Масквой станоўча адбіўся на актывізацыі патрыятычнага руху ў Беларусі. У выніку контрнаступлення савец­кіх войскаў узнік 40-кіламетровы разрыў нямецкага фронту на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — ​паміж Веліжам і Усвятамі, які атрымаў назву «Віцебскія (Сураж­скія) вароты». Праз «Віцебскія вароты» ў нямецкі тыл былі перапраўлены 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чалавек. Гэта дазволіла наладзіць сувязь ЦК КП(б)Б з дзеючымі атрадамі, палепшыць іх узбраенне, папоўніць партызанскія фарміраванні кваліфікаванымі кадрамі, інструктарамі падрыўной справы.

Да сярэдзіны 1942 г. партызанскі рух прыняў такія маштабы, што з’явілася неабходнасць стварэння каардынуючага цэнтра. 30 мая 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПД) пад кіраўніцтвам П. К. Панамарэнкі, а 9 верасня 1942 г. — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПД), які ўзначаліў П. З. Калінін.

Да пачатку 1943 г узброеную барацьбу ў Беларусі супраць захопнікаў вялі 56 брыгад, якія аб'ядноўвалі 220 атрадаў. З ростам партызанскіх сіл узрастала і іх баявая актыўнасць.