Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16–17 – 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

6. Дзейнасць калабарацыянісцкіх арганізацый

Няўдачы вермахта на савецка-германскім фронце, узмацненне барацьбы ў тыле акупантаў вымушалі германскія ўлады шукаць падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. З ліку мясцовых жыхароў ствараліся калабарацыянісцкія органы і арганізацыі. Калабарацыянізм (ад фр. collaboration — ​супрацоўніцтва) — ​асэнсаванае, добраахвотнае і наўмыснае супрацоўніцтва з ворагам у яго інтарэсах і на шкоду сваёй дзяржаве. У народзе калабарацыяністаў называлі здраднікамі і гітлераўскімі памагатымі.

Першапачаткова немцы вербавалі пранацысцкія элементы з насельніцтва Заходняй Беларусі, а таксама з эмігранцкіх цэнтраў у Празе і Берліне. Іх актыўна прыцягвалі для разлажэння польскай арміі, вядзення прапаганды сярод нацыянальных меншасцей, а затым для адбору і сартавання беларускіх ваеннапалонных пасля разгрому польскай арміі і акупацыі Польшчы.

Пасля з беларусаў камплектавалася падраздзяленне абвера Брандэнбург‑800; з 1939 г. іх выкарыстоўвалі для закідвання малымі групамі на савецкія тэрыторыі.

Пазней гэтыя штурмавыя часці склалі аснову паліцыі Мінска і акругі «Беларусь». Акрамя таго, немцы прывезлі з сабой кадры грамадзянскай адміністрацыі, якія арганізоўвалі супрацьпартызанскія мерапрыемствы ў тыле армій групы «Цэнтр».

З ліку беларускіх дзеячаў, якія звязвалі свае надзеі з нацысцкай Германіяй, у кастрычніку 1941 г. была створана Беларуская народная самадапамога (БНС). БНС займалася пытаннямі школьнай адукацыі, культуры, вярбоўкай і вывазам насельніцтва на прымусовую працу ў Германію. Вялася праца па стварэнні воінскай арганізацыі — ​­Беларускага корпуса самаабароны (БКС), у задачы якога ўваходзіла барацьба супраць падпольшчыкаў і партызан. Беларускія калабарацыяністы, паліцаі насілі на левым рукаве ўніформы бел-чырвона-белыя павязкі альбо шаўроны-нашыўкі ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяжка, на галаўных уборах — ​бел-чырвона-белы аколыш і какарду з «Пагоняй». У час урачыстых мерапрыемстваў выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Яны ўдзельнічалі ў карных аперацыях супраць партызан і мірнага насельніцтва, знішчэнні яўрэяў у гета, спальванні беларускіх вёсак.

У чэрвені 1943 г. акупанты стварылі маладзёжную арганізацыю — ​Саюз беларускай моладзі (СБМ). Планавалася, што выхаваная пад кіраўніцтвам М. Ганько і Н. Абрамавай на ідэях нацыянал-сацыялізму моладзь будзе карыстацца даверам беларускага народа. З актыву СБМ пазней набіраліся супрацьпартызанскія, дыверсійныя фарміраванні.

Школы, адкрытыя фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі, рыхтавалі кадры для будучага забяспячэння акупацыйнага апарату. Веды даваліся фрагментарна. Вучню трэба было растлумачыць ваенныя мэты Германіі, расавую тэорыю, сфарміраваць у яго гатоўнасць да ўдзелу ў вайне на баку Германіі.

У чэрвені 1943 г. па ініцыятыве В. Кубэ была створана Беларуская рада даверу — ​дарадчы орган з прадстаўнікоў беларускай грамадскасці. Першым старшынёй Рады стаў В. Іваноўскі. У снежні 1943 г. Рада даверу была ператворана ў Беларускую цэнтральную раду (БЦР). Кіраўніком БЦР быў назначаны Р. Астроўскі.

Радзе было даручана правядзенне воінскай мабілізацыі. У сакавіку 1944 г. было сфарміравана і прыведзена да прысягі 45 батальёнаў Беларускай краёвай абароны (БКА), камандуючым якой быў назначаны Ф. Кушаль. Аднак гэтыя фарміраванні былі кепска ўзброеныя і практычна недзеяздольныя. Немцы лічылі гэтыя часці ненадзейнымі, з нізкай баяздольнасцю, але прыцягвалі іх да карных акцый (напрыклад, аперацыя «Кармаран» супраць беларускіх партызан Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны), да аховы канцлагераў.

У чэрвені 1944 г. калабарацыяністы правялі ў Мінску другі Усебеларускі кангрэс, які абвясціў сябе адзіным законным прадстаўніком беларускага народа. Але, не паспеўшы завяршыць працу, яго ўдзельнікі былі вымушаны хутка ўцякаць разам з нацыстамі на захад.