§ 16–17 – 2. БССР напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны
3. Нападзенне нацысцкай Германіі на СССР
У нядзелю 22 чэрвеня 1941 г. рана раніцай нацысцкая Германія без абвяшчэння вайны напала на СССР.
У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 152 дывізіі і 2 брыгады. Акрамя германскіх ваенных злучэнняў на мяжы СССР было разгорнута 37 дывізій Італіі, Румыніі, Венгрыі, Фінляндыі. Агульная колькасць асабовага саставу складала 5,5 млн чалавек. З савецкага боку ім супрацьстаялі 166 дывізій і 9 брыгад агульнай колькасцю 2,9 млн чалавек.
Ваенна-стратэгічныя мэты гітлераўскага кіраўніцтва заключаліся ў тым, каб, абапіраючыся на дактрыну «маланкавай вайны», разграміць асноўныя сілы Чырвонай Арміі, захапіць найважнейшыя эканамічныя і палітычныя цэнтры — Маскву, Мінск, Ленінград, Кіеў, Данбас, Закаўказзе, — выйсці на лінію Архангельск — Астрахань.
Пры гэтым асаблівае значэнне гітлераўскае камандаванне надавала сілам, якія супрацьстаялі Чырвонай Арміі ў Беларусі — групе армій «Цэнтр». Яна павінна была дзейнічаць на галоўным стратэгічным кірунку — Маскоўскім — і знішчыць войскі Заходняй асаблівай ваеннай акругі ўжо ў першых баях.