§ 16–17 – 2. БССР напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны
1. БССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны
БССР з'яўлялася памежнай рэспублікай. Геастратэгічныя інтарэсы прадугледжвалі будаўніцтва буйных прамысловых прадпрыемстваў толькі ва ўсходніх рэгіёнах. За гады індустрыялізацыі там былі пабудаваныя Аршанскі льнокамбінат, Гомельскі завод сельскагаспадарчых машын (Гомсельмаш), Крычаўскі цэментава-шыферны завод, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі трубаліцейны завод. Былі ўзведзены і рэканструяваны некаторыя прадпрыемствы ў Мінску. Акрамя Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля буйнымі прамысловымі цэнтрамі сталі Бабруйск, Барысаў, Орша, Рэчыца.
Цаной напружанай працы беларускага народа ў 1929—1940 гг. у БССР былі ўведзеныя ў дзеянне і рэканструяваныя 1893 прадпрыемствы, якія выпускалі 90 % прадукцыі. Створаная структура прамысловасці працавала ў асноўным на мясцовай сыравіне і была накіравана на задавальненне ўнутраных патрэб краіны. Некаторая колькасць прамысловай прадукцыі вывозілася ў рэспублікі СССР і за іх межы.
Падчас індустрыялізацыі БССР ператварылася ў індустрыяльна развітую Рэспубліку. Да 1940 г. 80 % усёй прадукцыі народнай гаспадаркі прыходзілася на долю прамысловасці.
У апошнія перадваенныя гады кіраўніцтва БССР асаблівую ўвагу надавала будаўніцтву авіяцыйных прадпрыемстваў у Мінску, Магілёве, танкарамонтных заводаў у Віцебску і Баранавічах.
У сельскай гаспадарцы БССР асаблівая ўвага надавалася вырошчванню збожжавых культур. У ходзе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, якая праводзілася ў БССР з 1927 г., амаль усе сялянскія гаспадаркі былі аб'яднаны ў калгасы і саўгасы, таксама захоўваліся невялікія (ад 0,3 да 0,5 га) прысядзібныя тэрыторыі. У Заходняй Беларусі, якая ўз'ядналася з БССР у 1939 г., пераважалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.