§ 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР
2. Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР ад 23 жніўня 1939 г.
Ініцыятывы Савецкага Саюза па стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі на еўрапейскім кантыненце не знайшлі ўзаемаразумення і падтрымкі з боку кіруючых колаў Вялікабрытаніі, Францыі і Польшчы, якія імкнуліся гарантаваць сваю бяспеку за кошт савецкай дзяржавы.
У 1939 г. савецкі ўрад выступіў з прапановай заключыць паміж СССР, Вялікабрытаніяй і Францыяй дагавор аб узаемнай дапамозе ў выпадку агрэсіі супраць любой з краін — удзельніц пагаднення. Улетку 1939 г. у Маскве пачаліся трохбаковыя перамовы (СССР, Вялікабрытанія і Францыя) аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі. Была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні палітычнага і ваеннага пагадненняў. Але англійская і французская ваенныя місіі не былі надзелены правам прымаць рашэнні. Перамовы зайшлі ў тупік.
Тым часам Вялікабрытанія і Францыя вялі перамовы з нацысцкай Германіяй, накіраваныя на тое, каб падштурхнуць яе да ўзброенага канфлікту з СССР.
У такой складанай сітуацыі СССР вымушаны быў пайсці на перамовы з гітлераўскай Германіяй. Ініцыятыва заключэння германа-савецкага пакта належыла германскаму боку.
23 жніўня 1939 г. міністр замежных спраў І. Рыбентроп прыляцеў у Маскву. Увечары 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны германа-савецкі дагавор аб ненападзенні (Пакт Рыбентропа — Молатава) тэрмінам на 10 гадоў.
Разам з дагаворам аб ненападзенні быў падпісаны «сакрэтны дадатковы пратакол», якім вызначаліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаў. У сферу інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, што было актам гістарычнай справядлівасці, а таксама Усходняя Польшча, Латвія, Эстонія, Бесарабія.
Падпісанне Дагавора аб ненападзенні дазволіла Савецкаму Саюзу выйграць час для падрыхтоўкі да адбіцця агрэсіі і разбурыць планы стварэння адзінага антысавецкага фронту.
Ні Дагавор аб ненападзенні, ні прыкладзены да яго дадатковы пратакол не ўтрымлівалі артыкулаў аб ваенным супрацоўніцтве і не абавязвалі весці баявыя дзеянні супраць трэціх краін альбо аказваць дапамогу ў выпадку ўдзелу адной з іх у ваенным канфлікце. Дасягнутыя паміж Германіяй і Савецкім Саюзам дамоўленасці не рабілі іх саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна.