§ 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду
4. Нацыянальна-вызваленчы, сялянскі і рабочы рух у Заходняй Беларусі
Пасля акупацыі Заходняй Беларусі Польшчай у краі разгарнуўся актыўны нацыянальна-вызваленчы рух. На працягу першай паловы 1920-х гг. ён меў характар партызанскай барацьбы. У шэрагах партызан налічвалася каля 6 тыс. чалавек. На Беласточчыне і Гродзеншчыне партызаны знаходзіліся пад уплывам беларускіх эсэраў. Ва ўсходніх раёнах Заходняй Беларусі партызанскім рухам кіравалі бальшавікі. Вядомымі кіраўнікамі партызанскіх атрадаў з’яўляліся Г. Шыманюк, К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў і інш.
У 1923 г. польскія ўлады разграмілі арганізацыі беларускіх эсэраў, і камуністы аднаасобна ўзначалілі партызанскую барацьбу. Да 1925 г. рэвалюцыйны рух у Польшчы пайшоў на спад, і партызанская барацьба была спынена. На першае месца выйшлі легальныя формы барацьбы.
У сярэдзіне 1920-х гг. у нацыянальным руху Заходняй Беларусі склаліся два кірункі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны.
Рэвалюцыйна-вызваленчы быў прадстаўлены Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ), Камуністычным саюзам моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй (БРА) і Беларускай сялянска-рабочай грамадой (БСРГ).
Нацыянальна-дэмакратычны кірунак прадстаўлялі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) і Таварыства беларускай школы (ТБШ).
Першапачаткова кіраўніцтва КПЗБ праводзіла курс на змяненне палітычнай улады ў Заходняй Беларусі шляхам узброенага паўстання. Прадугледжваліся ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і перадача зямлі сялянам без выкупу.
БСРГ як легальная грамадская арганізацыя правяла шэраг буйны́х палітычных выступленняў працоўных: за вызваленне палітзняволеных, за стварэнне беларускіх школ, супраць падатковага прыгнёту і інш. Мнагалюдныя палітычныя сходы, рэвалюцыйныя мітынгі і дэманстрацыі, стачкі і выступленні сялян супраць памешчыкаў і кулакоў былі асноўнымі формамі барацьбы Грамады. 21 сакавіка 1927 г. Грамада была забаронена польскімі ўладамі.
Пасля ліквідацыі Грамады яе былыя актывісты пры ўдзеле членаў КПЗБ стварылі рабоча-сялянскі камітэт «Змаганьне» для падрыхтоўкі да выбараў у сейм.
Гэтая арганізацыя ў 1928 г. змагла атрымаць на выбарах у польскі сейм 26 % галасоў выбаршчыкаў у Заходняй Беларусі. Гэта дазволіла стварыць у сейме беларускі пасольскі клуб «Змаганьне». Дэпутаты клуба выступалі за спыненне нацыянальнага прыгнёту і палітычнага тэрору, патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня, аб’яднання ўсіх беларускіх зямель у складзе БССР. «Змаганьне» праводзіла мітынгі і дэманстрацыі рабочых, выпускала газеты нацыянальна-вызваленчага характару ― «Змаганьне», «Світанне», «На варце», «Голас працы» і інш. У газетах утрымлівалася інфармацыя аб жыцці ў БССР, размяшчаліся публіцыстычныя і навукова-папулярныя нарысы. Пасля роспуску сейма ў жніўні 1930 г. польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў фракцыі і кіраўнікоў «Змаганьня». Многія з іх былі прыгавораны да доўгіх тэрмінаў зняволення.
Важнае месца ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе ў Заходняй Беларусі займала ТБШ, якое стала буйнейшай культурна-асветніцкай арганізацыяй у краі. Яно разгарнула барацьбу за абарону школы на роднай мове, за развіццё беларускай культуры.
У гады эканамічнага крызісу 1929–1933 гг. становішча рабочых значна пагоршылася. Гэта выклікала рост рабочага і сялянскага руху. У 1931 г. адбылося 19 забастовак, у 1932 г. — 51. У 1933 г. забастовачная барацьба дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Прайшла 81 забастоўка, у якіх удзельнічала звыш 36 тыс. рабочых. Эканамічныя стачкі перарасталі ў палітычныя, якія суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй. Улетку 1935 г. пачалося буйное выступленне нарачанскіх рыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чалавек. Барацьба вялася да 1939 г.
У 1938 г. кампартыі Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны былі распушчаны па рашэнні Выканкама Камінтэрна, паколькі абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі. Гэта падарвала нацыянальна-вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі. Польскія ўлады, у сваю чаргу, забаранілі далейшую дзейнасць беларускіх нацыянальных дэмакратычных арганізацый, а некаторыя іх кіраўнікі былі аддадзены пад суд.