§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
6. Становішча ў неакупаваных беларускіх губернях
На неакупаванай тэрыторыі Беларусі дзейнічала ваеннае становішча. Дарослае працаздольнае насельніцтва абавязана было выконваць дзяржаўныя і ваенныя павіннасці (рамонт і будаўніцтва дарог, мастоў, перапраў, абарончых збудаванняў, уборка ўраджаю).
У канцы 1915 г. на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі працавалі толькі 140 прамысловых прадпрыемстваў. Аб’ём прадукцыі, якую яны выпускалі, складаў усяго 30 % ад даваеннага ўзроўню. Аб’ём вытворчасці павялічылі толькі тыя прадпрыемствы, якія выраблялі прадукцыю для патрэб арміі. Не менш цяжкае становішча склалася і ў сельскай гаспадарцы. Мабілізацыя ў войска каля 50 % мужчынскага насельніцтва, рэквізіцыі жывёлы, фуражу прывялі да скарачэння плошчы апрацаванай зямлі на 40–45 %. Дарослае працаздольнае насельніцтва прыцягвалася да рамонту і будаўніцтва дарог, мастоў, абарончых збудаванняў і інш.
Царскі ўрад для пакрыцця ваенных расходаў у першыя два гады вайны амаль у два разы павялічыў падаткі, што рэзка знізіла ўзровень жыцця насельніцтва.
У канцы 1916 г. узмацніліся антываенныя настроі ў гарадах, сельскай мясцовасці, у дзеючай арміі. Пачалі баставаць чыгуначнікі, рабочыя ваенных вытворчасцей Мінска, Магілёва, Віцебска, Гомеля, Барысава. Асноўным патрабаваннем бастуючых з’яўлялася павышэнне заработнай платы. Аднак забастоўкі былі разрозненымі. У іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не назіралася. Гэта было звязана з прыфрантавым і ваенным становішчам беларускіх зямель. Пачалося масавае дэзерцірства ў войску. Цэлыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат. Спыніць працэс разлажэння арміі не ўдавалася, яна паступова губляла баяздольнасць.
Вайна зрабіла сур’ёзны ўплыў на беларускі нацыянальны рух. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі і таварыствы распаліся, спынілася выданне газет і кніг.
Частка дзеячаў нацыянальнага руху была мабілізавана ў дзеючае войска, іншыя выехалі з Вільні ў розныя гарады Расіі, дзе прымалі ўдзел у арганізацыі бежанскіх камітэтаў. З дазволу расійскіх улад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху было створана Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Яно імкнулася аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам разрозненыя беларускія арганізацыі. З гэтай мэтай з восені 1916 г. у Петраградзе сталі выходзіць беларускамоўныя штотыднёвыя газеты «Дзянніца» і «Светач», якія выдаваліся пад рэдакцыяй З. Жылуновіча (Ц. Гартны).
Частка лідараў беларускага нацыянальнага руху (А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі, А. Пашкевіч і інш.) засталіся ў акупіраванай Вільні.