§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
2. Прычыны і пачатак Першай сусветнай вайны
Першая Сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яна была выкліканая шэрагам прычын, сярод якіх абвастрэнне барацьбы паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за рынкі збыту, крыніцы сыравіны, жаданне аслабіць канкурэнтаў у эканамічным і ваенным развіцці, імкненне еўрапейскіх краін вырашыць ўнутраныя праблемы пры дапамозе вайны.
Пры гэтым у кожнай краіны былі свае мэты. Германія прэтэндавала на эканамічнае і палітычнае дамінаванне ў Еўропе, імкнулася да пашырэння сферы ўплыву і перадзелу каланіяльных уладанняў. Аўстра-Венгрыя мела мэтай не дапусціць росту ўплыву Расіі на Балканах. Францыя хацела ўзяць рэванш за паражэнне ў франка-прускай вайне 1870–1871 гг. і вярнуць свае тэрыторыі — Эльзас і Латарынгію. Англія імкнулася не дапусціць узмацнення ўплыву Германіі ў Еўропе і перадзелу сфер уплыву ў свеце. Расія хацела ўзмацніць свой уплыў на ўсе славянскія народы, асабліва на Балканах.
Германія першы ўдар нанесла па Бельгіі і Францыі. Французы запатрабавалі ад Расіі пачаць актыўныя баявыя дзеянні раней абумоўленага тэрміну. Не завяршыўшы падрыхтовак да вайны, расійская армія ўварвалася ва Усходнюю Прусію і Галіцыю.