Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 4-1. Еўрапейскія рэвалюцыі і нацыянальныя рухі пасля Венскага кангрэса

4. Еўрапейская «вясна народаў» (рэвалюцыі 1848—1849 гг.)

У кароткі прамежак часу ў 1848—1849 гг. адбылася серыя еўрапейскіх рэвалюцый, названая «вясной народаў». Адпаведную атмасферу падрыхтавалі «галодныя саракавыя» — практычна агульнаеўрапейскія неўраджаі 1845—1847 гг. і як вынік эканамічны крызіс, масавае беспрацоўе, галеча, рэзкае павышэнне цен, крах фінансавай сістэмы. І зноў усё пачалося ў Францыі. Ліпеньская манархія загразла ў карупцыі, і ў лютым 1848 г. успыхнула антыманархічнае паўстанне ў Парыжы, у выніку якога кароль Луі Філіп адрокся ад трона, і Францыя зноў была абвешчана рэспублікай. У склад часовага ўрада ўпершыню ўвайшлі сацыялісты. Новы ўрад адмяніў дваранскія тытулы, абвясціў усеагульнае выбарчае права і свабоду друку.

Рабочыя атрымалі прадстаўніцтва ў складзе часовага ўрада, і ім было гарантавана права на працу. Для ліквідацыі беспрацоўя былі арганізаваны грамадскія работы ў форме нацыянальных майстэрняў, але ў гэты ж час урадам быў уведзены дадатковы падатак з сялян. Праціўнікі рэспублікі пераконвалі сялян, што ён пойдзе на аплату працы ў нацыянальных майстэрнях — «на ўтрыманне парыжскіх гультаёў». У выніку супраць рабочых выступілі і буржуазія, і сялянства. У чэрвені 1848 г. пачалося ўзброенае паўстанне рабочых, якое сучаснікамі было ўспрынята як пачатак грамадзянскай вайны. На дапамогу рэгулярнай арміі прыйшлі добраахвотнікі з правінцыі, і паўстанне рабочых было бязлітасна задушана. Загінула 11 тыс. рабочых, 15 тыс. трапілі ў турму.

4 лістапада 1848 г. у Францыі была прынята Канстытуцыя, а ў снежні былі праведзены выбары прэзідэнта. Атрымаўшы падтрымку сялянства, якое верыла ў легенду аб «сялянскім імператары Напалеоне», а таксама буржуазіі, перамог пляменнік Напалеона Луі Напалеон Банапарт. У снежні 1851 г. ён здзейсніў дзяржаўны пераварот і аб’явіў сябе імператарам Напалеонам III, усталяваўшы ў Францыі Другую імперыю.

Пасля рэвалюцыі ў Францыі рэвалюцыйны рух набыў агульнаеўрапейскі характар. У кожнай з ахопленых рэвалюцыяй краін былі свае гістарычныя асаблівасці.

У Германіі востра стаяла пытанне пераадолення палітычнай раздробленасці. Германскій саюз, створаны па рашэнні Венскага кангрэса, уключаў 34 манархіі і 4 вольныя гарады. У сувязі з раздробленасцю фактычна захаваліся феадальныя адносіны і дамінаванне сельскагаспадарчай арыстакратыі. Па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця Германія значна адставала ад вядучых краін Еўропы. Прамысловасць была развіта слаба, пераважала рамесная вытворчасць. Узначалілі Сакавіцкую рэвалюцыю 1848 г. звязаныя з прамысловымі коламі лібералы. Яны запатрабавалі аб’яднання краіны, абмежавання манархіі і ўвядзення канстытуцыі.

У сакавіку 1849 г. агульнагерманскі Нацыянальны сход (Франкфурцкі парламент) прыняў Канстытуцыю, згодна з якой Германскі саюз павінен быў пераўтварыцца ў адзіную імперыю. Абвяшчаліся адмена саслоўных прывілей і феадальных павіннасцяў, грамадзянскія свабоды і недатыкальнасць уласнасці. Аднак вострыя супярэчнасці паміж буйнейшымі дзяржавамі саюза — Прусіяй і Аўстрыяй — не дазволілі ўвесці яе ў дзеянне. Франкфурцкі парламент быў распушчаны, а яго пастановы ануляваны.

Калі ў Германіі галоўнай мэтай рэвалюцыі было аб’яднанне краіны, то ў шматнацыянальнай Аўстрыі — наадварот, яе падзел па этнічным прынцыпе. Агульнымі былі толькі патрабаванні канстытуцыі і адхілення ад улады зямельнай арыстакратыі.

Эканамічны крызіс прывёў да паўстання ў Вене ў сакавіку 1848 г. Урад збег са сталіцы. Улетку 1848 г. аўстрыйскі рэйхстаг адмяніў феадальныя прывілеі і павіннасці. У кастрычніку 1848 г. спроба жыхароў сталіцы спыніць войскі, якія ішлі на задушэнне паўстання ў Венгрыі, зноў прывяла да паўстання, якое было жорстка задушана ў лістападзе.

У Венгрыі, у адрозненне ад іншых правінцый імперыі, існавалі ўплывовае дваранскае саслоўе і традыцыя ўстойлівай дзяржаўнасці. У 1848 г. Венгрыя атрымала самакіраванне. На яе тэрыторыі адмянялася прыгонніцтва, краіна ператварылася ў канстытуцыйную манархію. Аднак правінцыі са славянскім насельніцтвам не падтрымалі Венгерскую рэвалюцыю. Яны таксама выступілі з патрабаваннем нацыянальнай аўтаноміі. Парламент Харватыі нават заявіў аб выхадзе са складу Венгерскага каралеўства і далучэнні да Аўстрыі. У верасні 1848 г. паміж Венгрыяй і Аўстрыяй пачаліся ваенныя дзеянні. Венгрыя аб’явіла аб поўнай незалежнасці, але ў жніўні 1849 г. з дапамогай рускіх войскаў венгерская рэвалюцыя была задушана.

Рэвалюцыя ў Аўстрыі абудзіла спадзяванні на нацыянальнае вызваленне ў Італіі. Вядомы палітычны дзеяч Сардзінскага каралеўства граф К. Кавур выступіў за аб’яднанне Італіі на чале з сардзінскім каралём. У 1848 г. у Сіцыліі, Ламбардыі, Венецыі і Папскай вобласці ўзняўся рэвалюцыйны рух за аб’яднанне. Папа рымскі быў пазбаўлены ўлады, у Рыме ў лютым 1849 г. была абвешчана рэспубліка, якая пасля задушэння паўстанняў у іншых абласцях Італіі стала цэнтрам прыцягнення рэвалюцыйных сіл. На поўначы Італіі пачалася вызваленчая вайна супраць Аўстрыі. Аўстра-французскія войскі знішчылі Рымскую рэспубліку. Апошняй у жніўні 1849 г. здалася Венецыянская рэспубліка. Канстытуцыйны лад захаваўся толькі ў Сардзінскім каралеўстве. У наступныя гады менавіта Сардзінія ўзначаліла паспяховы працэс аб’яднання Італіі.

У выніку рэвалюцыйным сілам нідзе не ўдалося дабіцца сваіх мэт, манархіі ўстаялі. Аднак былі ўведзены канстытуцыі і ліквідаваны феадальныя перажыткі. Асноўную карысць ад гэтых змен атрымала буржуазія, роля якой узрасла. Галоўным яе праціўнікам станавіўся рабочы клас, які адчуў на сабе негатыўныя вынікі прамысловага перавароту і капіталістычнага ўладкавання грамадства.

Адзінай буйной еўрапейскай дзяржавай, якая не спазнала рэвалюцый, была Вялікабрытанія. У гэтай найбольш прамыслова развітай краіне канстытуцыя фактычна існавала з XVII ст. У дзяржаве быў заключаны тайны саюз паміж старой сельскагаспадарчай арыстакратыяй і буржуазіяй. Згодна з рэформай 1832 г. выбарчае права атрымала прамысловая буржуазія.

У выніку чартысцкага руху, які выступаў за ўсеагульнае выбарчае права, урад вымушаны быў правесці ў краіне далейшыя рэформы. Яны ўключалі скарачэнне рабочага дня да 10 гадзін, абмежаванне дзіцячай працы, павышэнне зарплаты кваліфікаваным рабочым, адмену маёмаснага цэнзу для дэпутатаў парламента, увядзенне тайнага галасавання. Права голасу атрымалі ўсе мужчыны, якія былі галовамі сем’яў. У 1842 г. быў усталяваны падаходны падатак. Нарэшце, для абароны правоў рабочых быў створаны існуючы і сёння Брытанскі кангрэс трэд-юніянаў (1868).

Не ўсе мэты чартыстаў былі дасягнутыя, але парламент пайшоў на заўважныя саступкі. Чартысцкі рух 1830—1850-х гг. прадэманстраваў моц арганізаванай барацьбы рабочага класа. Дзейнасць парламента і ўрада ўзмацняла веру працаўнікоў у дасягненне іх мэт мірным шляхам.

Кола людзей, якія валодалі выбарчым правам, было істотна пашырана ў Англіі толькі ў канцы XIX ст. Галоўную ролю ў палітычным жыцці Англіі працягвалі адыгрываць буйная буржуазія і землеўладальніцкая знаць.