Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 4-1. Еўрапейскія рэвалюцыі і нацыянальныя рухі пасля Венскага кангрэса

2. Нацыянальныя рухі і рэвалюцыі 1820-х гг.

У напалеонаўскую эпоху ў краінах паўднёвай Еўропы адбыліся глыбокія сацыяльна-эканамічныя змены на французскі ўзор, але ў перыяд рэстаўрацыі старыя парадкі былі адноўлены, таму новая хваля рэвалюцый пачалася менавіта тут. Прычынай рэвалюцый і нацыянальна-вызваленчых паўстанняў была незадаволенасць шырокіх слаёў насельніцтва палітыкай урадаў, захаваннем феадальна-абсалютысцкіх парадкаў і замежнага панавання.

1 студзеня 1820 г. узбунтаваліся іспанскія войскі, накіраваныя на задушэнне паўстання ў Паўднёвай Амерыцы — пачалася іспанская рэвалюцыя 1820—1823 гг., якая з 1822 г. суправаджалася грамадзянскай вайной. У Іспаніі была адноўлена ліберальная канстытуцыя 1812 г. У жніўні 1820 г. рэвалюцыя на іспанскі ўзор адбылася ў Партугаліі.

Рэвалюцыйная хваля дайшла і да Італіі. Паўстанні супраць Аўстрыі і за ўсталяванне канстытуцыйнага ладу, якія ўзначалілі ўдзельнікі тайных гурткоў карбанарыяў, адбыліся ў 1820—1821 гг. у Неапалі і П’емонце. У гэты ж час буйное антытурэцкае паўстанне ўспыхнула ў Валахіі і нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя — у Грэцыі.

Вялікія дзяржавы былі вельмі моцна занепакоены ліберальнымі рэформамі, якія праводзіліся ў ходзе гэтых паўстанняў і рэвалюцый. Лайбахскі кангрэс 1821 г., скліканы Свяшчэнным саюзам, санкцыянаваў аўстрыйскую інтэрвенцыю ў Неапаль і П’емонт. У выніку Аўстрыя жорстка задушыла рэвалюцыйныя выступленні. Веронскі кангрэс 1822 г., апошні кангрэс Свяшчэннага саюза, прыняў рашэнне аб узброеным умяшанні ў іспанскія справы. У 1823 г. французская армія ўварвалася ў Іспанію і аднавіла ў ёй абсалютызм. У 1823 г. склалі зброю партугальскія рэвалюцыянеры. Усе рэвалюцыйныя пераўтварэнні там былі знішчаны. Толькі Грэцыя змагла дабіцца незалежнасці ад асманскага ўладарання ў 1830 г. пры еўрапейскай падтрымцы.