Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.

3. Праект адраджэння Вялікага Княства Літоўскага

Пасля заключэння Тыльзіцкага мірнага дагавора з часткі прускіх і аўстрыйскіх уладанняў былой Рэчы Паспалітай была ўтворана новая дзяржава — ​Варшаўскае княства (герцагства). Гэтым ствараўся французскі плацдарм для падрыхтоўкі вайны з ­Расіяй.

У Варшаву сталі сцякацца магнаты і шляхта Беларусі і Літвы. Князь Дамінік Радзівіл ахвяраваў для войска 216 тыс. злотых і за свой кошт сфарміраваў уланскі полк. Для Расійскай імперыі ўзнікла рэальная пагроза страты «заходніх губерняў». Каб прыпыніць масавы выезд дваранства беларуска-літоўскіх губерняў у Варшаўскае герцагства, расійскія ўлады прымалі жорсткія меры, у тым ліку канфіскацыю ўласнасці.

Расійскі ўрад, баючыся, што апалячаная шляхта ў выпадку вайны можа падтрымаць Напалеона, зрабіў спробу вырашыць пытанне аб адраджэнні ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. Так у 1811 г. узнік праект «Палажэнне аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім». Адным з яго аўтараў быў магнат М. К. Агінскі.

«План Агінскага» прадугледжваў стварэнне асобнай правінцыі пад назвай Вялікае Княства Літоўскае з васьмі губерняў (Гродзенская, Віленская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Кіеўская, Падольская і Валынская). Кіраваць ВКЛ павінен быў імператарскі намеснік. У сталіцы пры імператары меркавалася стварыць Літоўскую канцылярыю пад кіраўніцтвам статс-сакратара аднаго з міністраў, а ў Вільні — ​Адміністрацыйны савет на чале з намеснікам. Прадугледжвалася таксама дзеянне Статута ВКЛ 1588 г.; вядзенне справаводства на польскай мове; прадастаўленне пасад толькі ўраджэнцам ВКЛ. Усё гэта мела перадумовай аўтаномію краю. Аднак уплывовыя расійскія саноўнікі выступілі супраць «плана Агінскага». Яны баяліся пазбавіцца не так даўно набытых зямель.

У геапалітычнай сітуацыі 1811—1812 гг. пытанне аб дзяржаўнасці Польшчы і ВКЛ было актуальным і для Францыі. На думку французскай дыпламатыі, яго рашэнне надало б будучай вайне з Расіяй у вачах Еўропы справядлівы характар і павінна было забяспечыць Напалеону падтрымку ў заходніх губернях.