§ 7–2. Грамадска-палітычнае жыццё ў пачатку ХХІ ст.
2. Працэс фарміравання Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы
Пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 г. пачаўся новы этап у развіцці палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. У краіне зацвердзілася новая мадэль дзяржаўнага кіравання, у якой Прэзідэнту адводзілася вядучая роля. Гэта дазваляла палепшыць узаемадзеянне дзяржаўных органаў улады пры дакладным вызначэнні іх функцый, узмацніць адказнасць усіх службовых асоб, павысіць якасць працы ўсяго дзяржаўнага апарату, аператыўна вырашаць пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі аднапалатны Вярхоўны Савет замяняўся двухпалатным Нацыянальным сходам, які складаўся з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў парламента складаў чатыры гады.
Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў мог назначаць прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, вызначаць структуру ўрада, прымаць рашэнне аб адстаўцы ўрада, назначаць кіраўнікоў выканаўчай улады на месцах.