Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 6–1. Спыненне існавання СССР

4. Прыняцце рашэння аб змене назвы «Беларуская ССР». Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь»

17 верасня пачала працу шостая пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ХІІ склікання. Сярод іншых былі разгледжаны пытанні аб назве Беларускай ССР, аб дзяржаўным сцягу і дзяржаўным гербе Рэспублікі. За ўключэнне гэтых пытанняў у парадак дня выказалася большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

19 верасня 1991 г. дэпутаты Вярхоўнага Савета прагаласавалі абсалютнай большасцю за перайменаванне БССР у Рэспубліку Беларусь, а ў скарочаным варыянце — ​Беларусь. Усталёўвалася, што выкарыстанне назвы «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» і яго скарочаных варыянтаў на афіцыйных бланках, пячатках, штампах і г. д. дапускаецца на працягу 1991–1993 гг. Тады ж былі зацверджаныя новыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь — ​бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». За такое рашэнне актыўна выступала парламенцкая апазіцыя БНФ. Па пытанні змены сімволікі ў парламенце сфарміравалася некалькі груповак. Пазіцыю адной з іх выказаў дэпутат-­ветэран В. Сарокін, які нагадваў сваім калегам, што прапанаваная імі сімволіка выкарыстоўвалася калабарацыяністамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і што прыняць яе будзе «подласцю і мярзотай». Іншая група вуснамі П. Пракаповіча выступіла за вырашэнне гэтага пытання на ўсенародным рэферэндуме. Трэцяя група лічыла неабходным адкласці гэтае пытанне да прыняцця новай Канстытуцыі, такога пункту гледжання прытрымліваўся і дэпутат А. Р. Лукашэнкі. Але ў тых рэаліях у парламенце атрымалі перамогу прыхільнікі БНФ.

18 кастрычніка 1991 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь быў прыняты Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзянства — ​прававая прыналежнасць асобы да дзяржавы — ​стала неад’емнай часткай дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.