§ 5–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1940‑х — першай палове 1950‑х гг.
2. Дзейнасць саветаў і грамадскіх арганізацый
Камуністычная партыя шмат увагі надавала ўдасканаленню форм і метадаў работы саветаў дэпутатаў працоўных, павышэнню ўзроўню іх арганізатарскай дзейнасці, умацаванню сувязяў з масамі. Пачалі працаваць сесіі саветаў, былі адноўлены пастаянныя камісіі.
У паляпшэнні дзейнасці саветаў важнае значэнне мела правядзенне чарговых выбараў органаў дзяржаўнай улады. У 1946 г. адбыліся першыя пасля вайны выбары ў Вярхоўны Савет СССР, у наступным годзе — выбары ў Вярхоўны Савет БССР, у 1948 г. — у мясцовыя Саветы Рэспублікі. Выбарчыя кампаніі ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі праходзілі ў абстаноўцы палітычнага і Працоўнага ўздыму, які стаў вынікам дзейнасці Камуністычнай партыі.
Асаблівае значэнне мелі выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных — самых масавых органаў дзяржаўнай улады. У выніку выбараў значна абнавіўся склад Саветаў. Пасля выбараў прыкметна павысілася кіруючая і арганізатарская роля Саветаў у палітычным, эканамічным і культурным жыцці рэспублікі.
Важнае значэнне ў мабілізацыі мас на рашэнне неадкладных задач пасляваеннага будаўніцтва мела аднаўленне прафесійных саюзаў Рэспублікі. Пад кіраўніцтвам мясцовых партыйных органаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях праводзіліся Рэгістрацыя і прыём новых членаў, выбары фабрычна-завадскіх і мясцовых камітэтаў прафсаюзаў. У 1945 г. адбылася канферэнцыя галіновых прафсаюзаў, на якой былі абраныя кіруючыя рэспубліканскія органы. У кастрычніку — лістападзе 1948 г. у сувязі са скасаваннем інстытута ўпаўнаважаных па саюзных рэспубліках у Беларусі былі створаны Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў і абласныя Саветы прафсаюзаў. Стварэнне саветаў прафсаюзаў палепшыла кіраўніцтва прафесійным рухам у Рэспубліцы, павысіла яго ролю ў сацыялістычным будаўніцтве. Прафсаюзы ўзначальвалі сацыялістычныя спаборніцтвы, прыцягвалі працоўных да кіравання вытворчасцю, да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці, клапаціліся аб паляпшэнні ўмоў працы і побыту насельніцтва.
Важную ролю ў грамадскім жыцці адыгрываў Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ). Камсамол з’яўляўся масавай арганізацыяй, якая аб’ядноўвала большасць юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў, якія працавалі або вучыліся. У сваёй большасці яны ўспрымалі ўласную дзейнасць як служэнне Радзіме, таму энтузіязм і натхненне былі адметнай рысай камсамольскага жыцця. У сакавіку 1947 г. адбыўся XV (першы пасля вайны), а ў лютым 1949 г. XVІ з’езд ЛКСМБ. Непасрэднае кіраўніцтва яго працай у гэтыя гады ажыццяўлялася першымі сакратарамі ЦК ЛКСМБ К. Т. Мазуравым (з 1946 г.) і П. М. Машэравым (з 1947 г.).