Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 3–2. Спробы рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1917–1918 гг.

3. І Усебеларускі з’езд і яго роля ў афармленні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці

У пачатку снежня беларускія нацыянальныя арганізацыі звярнуліся ў Наркамат па справах нацыянальнасцей РСФСР, які ўзначальваў І. В. Сталін, з прапановай аб сумеснай працы па ўмацаванні савецкай улады ў Беларусі. У Маскве гэтую ідэю ўхвалілі. Была падтрымана і ідэя склікання Усебеларускага з’езда, які мог садзейнічаць, як справядліва лічылі, рашэнню праблем развіцця беларускай нацыі. У адрас саветаў і шэрагу грамадскіх арганізацый былі разасланыя тэлеграмы з просьбай даслаць дэлегатаў на з’езд. Такім чынам, правядзенне з’езда было ўзгоднена з У. І. Леніным і народным камісарам па справах нацыянальнасцей І. В. Сталіным. Саўнаркам РСФСР выдзеліў на правядзенне з’езда фінансаванне.

І Усебеларускі з’езд пачаў працу 7 снежня. На ім прысутнічалі 1872 дэлегаты. На з’ездзе выступілі прадстаўнікі вялікай беларускай рады, Цэнтральнага ваеннага беларускага савета, беларускія настаўнікі, прадстаўнікі газеты «Вольная Беларусь», Маскоўскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, беларусаў Бабруйска, усіх франтоў і Балтыйскага флоту, 1‑га Беларускага палка і інш. Арганізатары ставілі мэтай не разрываць федэратыўных сувязяў з Расіяй, сфарміраваць нацыянальныя органы кіравання і зацвердзіць шырокую аўтаномію Беларусі. З’езд прыняў рашэнне абраць Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў як часовы орган краёвай улады і абавязаць яго неадкладна склікаць Усебеларускі устаноўчы сход для вырашэння пытання аб грамадскім і дзяржаўным ладзе. Гэта азначала, што створаныя бальшавікамі Аблвыкамзах і СНК Заходняй вобласці і фронту павінны былі перадаць уладу абранай з’ездам Усебеларускай Радзе і самараспусціцца.

З’езд працаваў да вечара 17 снежня, калі быў выпрацаваны тэкст аб самавызначэнні Беларусі. У ноч з 17 на 18 снежня 1917 г. па самавольнай ініцыятыве А. Мяснікова і В. Кнорына, кіраўнікоў Аблвыкамзаха і СНК Заходняй вобласці і фронту, якія лічылі, што беларусы не з’яўляліся самастойнай нацыяй і таму прынцып нацыянальнага самавызначэння для іх не падыходзіў, з’езд быў разагнаны.