Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 2–3. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.

2. Дзейнасць газеты «Наша Ніва»

У 1906 г. у Вільні выйшла ў свет першая легальная беларуская газета «Наша Доля», якая была неафіцыйным органам БСГ. Газета выклікала вялікую цікавасць у беларускай інтэлігенцыі. Аднак толькі два з шасці выпушчаных нумароў змаглі дайсці да чытача, астатнія былі канфіскаваныя паліцыяй, і газета была зачынена.

Тады па ініцыятыве братоў Луцкевічаў была створана газета «Наша Ніва», якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху. Газета выдавалася з лістапада 1906 г. па жнівень 1915 г. у Вільні на беларускай мове, спачатку кірыліцай і лацінкай. З 1912 г. у сувязі з абмежаванасцю сродкаў друкавалася на кірыліцы, за што выказалася большасць яе падпісчыкаў. Газета арыентавалася ў першую чаргу на сялянства, яе папулярнасць паступова расла. Рэдактарамі выдання ў розны час былі А. Уласаў і Я. Купала.

«Наша Ніва» адыграла важную ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху і беларускай літаратурнай мовы. На яе старонках друкаваліся карэспандэнцыі жыхароў вёсак, мястэчак і гарадоў, публікаваліся творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і іншых беларускіх пісьменнікаў. Пры газеце працавала выдавецтва, якое з 1910 г. наладзіла выпуск папулярнага сярод вяскоўцаў «Беларускага календара», з 1912 г. — ​сатырычнага часопіса «Крапіва».

Для дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія групаваліся вакол «Нашай Нівы», важнымі пытаннямі былі нацыя і дзяржаўнасць. На старонках выдання тэарэтычна былі распрацаваны асновы аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі па ўзоры Фінляндыі, вызначаны асноўныя формы дзяржаўнага ладу. Газета выступала за скасаванне саслоўяў і шырокае мясцовае самакіраванне.