Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 2–2. Грамадска-­палітычная сітуацыя ў пачатку ХХ ст.

2. Палітычныя сілы і падзеі рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У гады Першай рускай рэвалюцыі склаліся тры палітычных лагеры. Вельмі правыя пазіцыі займалі манархісты і нацыяналісты («Саюз рускага народа»), якія абаранялі царызм і існуючы лад. Члены «Саюза рускага народа» атрымалі назву «чарнасоценцы». У ліпені 1906 г. манархісты і акцябрысты аб’ядналіся ў партыю «Рускі ўскраінны саюз» (РУС). РУС выступаў за «адзіную і непадзельную Расію».

Цэнтр палітычнага спектру займалі ліберальна-­буржуазныя партыі, якія арганізацыйна аформіліся пасля выдання Маніфеста, — ​партыя канстытуцыйных дэмакратаў (кадэты) і Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты) — ​якія дамагаліся абмежавання самадзяржаўя і ўстанаўлення буржуазных свабод, культурна-­нацыянальнай аўтаноміі для народнасцей, мясцовага самакіравання.

На левым флангу дзейнічалі рэвалюцыйна-­дэмакратычныя партыі — ​РСДРП, эсэры, БСГ і інш. Іх мэтамі былі звяржэнне самадзяржаўя, ліквідацыя эксплуатацыі чалавека чалавекам і пабудова ў будучыні сацыялістычнага грамадства.

Пачаткам першай расійскай рэвалюцыі сталі падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу, калі была расстраляная шматтысячная дэманстрацыя. Гэта падзея атрымала назву «Крывавая нядзеля». Па ўсёй Расійскай імперыі пракацілася хваля абурэння.

Другі ўздым рэвалюцыі быў звязаны са святкаваннем 1 мая, калі забастоўкі прайшлі ў 56 гарадах Беларусі і ахапілі больш за 100 тыс. чалавек. У чэрвені прайшло 175 сялянскіх выступленняў. Свайго апагею рэвалюцыя дасягнула ў кастрычніку-­снежні 1905 г., калі па ўсёй імперыі разгарнулася Усерасійская палітычная стачка, якая суправаджалася масавымі мітынгамі і дэманстрацыямі.

У Беларусі у час Усерасійскай палітычнай стачкі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, якіх актыўна арганізоўвала Мінская група РСДРП. 11 кастрычніка быў спынены рух на Маскоўска-­Брэсцкай чыгунцы, а 12‑га — ​на Лібава-­Роменскай. Чыгуначнікі стварылі забастовачны камітэт. 13 кастрычніка спынілі працу фабрыкі, заводы, друкарні, электрычная і воданапорная станцыі. Да забастоўшчыкаў далучыліся рамонтнікі, служачыя розных гандлёвых прадпрыемстваў, кантор, банкаў. Забастоўка ў Мінску стала ўсеагульнай.

Актыўная стачачная барацьба разгарнулася ў Гомелі, Віцебску, Гродне, Брэсце. Стачкі ў гэтых гарадах пачыналі, як і ў Мінску, чыгуначнікі. Да іх далучаліся рабочыя прамысловых прадпрыемстваў.