§ 2–2. Грамадска-палітычная сітуацыя ў пачатку ХХ ст.
1. Узнікненне сацыялістычных і нацыянальна-дэмакратычных партый
У другой палове XIX — пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі ўзмацніўся рабочы рух. Ён прымаў усё больш яўны палітычны характар. Адбылося ўзмацненне рабочага руху і ў Беларусі. Галоўнай формай барацьбы рабочага класа становяцца палітычныя стачкі і дэманстрацыі.
Пад уплывам рабочага руху стала падымацца на барацьбу і сялянства Беларусі. Сяляне змагаліся за знішчэнне памешчыцкага землеўладання і ліквідацыю перажыткаў прыгону.
Вялікае значэнне для далейшага пашырэння рэвалюцыйнага руху і фарміравання партыі рабочага класа мела першая агульнаруская палітычная газета рэвалюцыйных сацыял-дэмакратаў «Іскра», якая выходзіла з 1900 г. Яна мела сваіх карэспандэнтаў у многіх гарадах і мястэчках, рэгулярна друкавала на сваіх старонках матэрыялы аб рэвалюцыйным руху ў Беларусі. Газета карысталася вялікай папулярнасцю сярод рабочых.
Іскроўскія групы дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, а прыхільнікі «Іскры» — у Віцебску, Горках, Оршы, Гродне, Смаргоні, іншых гарадах і мястэчках. Іскроўцы прапагандавалі сярод рабочых ідэі стварэння марксісцкай партыі. Казалі яны і пра яе кіруючую ролю ў барацьбе рабочага класа і ўсіх працоўных. Рэвалюцыйная агітацыя іскраўцаў садзейнічала росту палітычнай свядомасці рабочага класа.
Аднак сацыял-дэмакратычныя групы ў Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, дзейнічалі разрознена, не мелі кіруючага цэнтра. У 1903 г. у Бруселі і Лондане адбыўся ІІ з’езд РСДРП. На ім разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі газеты «Іскра», якія стаялі на пазіцыях рэвалюцыйнага марксізму, і «эканамістамі», якія заклікалі весці барацьбу толькі за паляпшэнне эканамічнага становішча і павышэнне культурнага ўзроўню рабочага класа. Перамогу атрымалі іскраўцы на чале з У. І. Леніным. З’езд прыняў праграму партыі, у якой канчатковай мэтай абвяшчалася ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудова сацыялізму, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі. Барацьба на з’ездзе завяршылася расколам РСДРП на дзве фракцыі — бальшавікоў і меншавікоў.
Пасля II з’езда РСДРП у Беларусі пачала хутка расці колькасць сацыял-дэмакратычных арганізацый. У другой палове 1903 г. і ў 1904 г. такія арганізацыі з’явіліся ў Гомелі, Бабруйску, Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне, Оршы і іншых гарадах. У 1904 г. для кіраўніцтва гэтымі арганізацыямі былі створаны Палескі і Паўночна-Заходні камітэты РСДРП. Палескі камітэт аб’яднаў сацыял-дэмакратычныя арганізацыі Гомеля, Магілёва, Оршы, Копысі, Шклова. Дзейнасць Паўночна-Заходняга камітэта распаўсюджвалася на Мінскую, Віцебскую, Віленскую і Гродзенскую губерні. Гэтыя камітэты ўзначалілі рэвалюцыйную барацьбу рабочага класа Беларусі.
Станаўленне беларускіх палітычных арганізацый стрымлівалася слабай нацыянальнай свядомасцю беларускай буржуазіі, сялянства, рабочага класа. Беларускае нацыянальнае пытанне знаходзіла падтрымку перш за ўсё ў асяроддзі інтэлігенцыі, навучэнцаў і студэнцкай моладзі. У канцы 1902 г. на базе гурткоў, якія дзейнічалі ў Вільні, Мінску, Пецярбургу, была створана «Беларуская рэвалюцыйная грамада». З 1903 г., калі адбыўся яе з’езд, яна стала называцца «Беларуская сацыялістычная грамада» (БСГ). Партыя выступала за беларускую дэмакратычную рэспубліку ў складзе Расійскай Федэрацыі.
Беларусь была адным з цэнтраў стварэння партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Яна была ўтворана ў 1901–1902 гг. на базе раней народніцкіх арганізацый, якія існавалі раней. З’яўляючыся паслядоўнікам ідэалогіі народніцтва, партыя была вядомая як адна з самых актыўных удзельніц рэвалюцыйнага тэрору.