§ 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.
3. Характар і вынікі паўстання
Паўстанне пачалося 10 студзеня 1863 г., калі стала вядома аб намеры царскага ўрада правесці рэкруцкі набор. На службу павінны былі быць прызваныя тыя, на каго разлічвалі ў паўстанні. Падрыхтоўка да выступлення яшчэ не была завершаная. ЦНК выдаў маніфест, у якім заклікаў да ўзброенага паўстання і абвясціў усё насельніцтва Польшчы свабодным. Аграрныя пытанні былі закрануты мінімальна: надзелы, якімі карысталіся сяляне, павінны былі перайсці ў іх уласнасць; беззямельныя павінны былі атрымаць надзелы пры ўмове, што яны прымуць удзел у паўстанні. Апублікаваная праграма была непаслядоўная і абмежаваная. Дэклараваныя прапановы не задавальнялі сялян.
1 лютага 1863 г. ЛПК абвясціў сябе часовым правінцыйным урадам і падтрымаў паўстанне ў Польшчы. Ён звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім утрымліваўся заклік падтрымаць удзельнікаў паўстання ў Польшчы. З ліку дробнай шляхты, навучэнскай і студэнцкай моладзі, рамеснікаў былі сфарміраваныя паўстанцкія атрады. Колькасць паўстанцаў з гэтых сацыяльных груп дасягала 75 %. Найбольшая колькасць сялян бралі ўдзел у паўстанні ў Гродзенскай і Віленскай губернях. У Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях сяляне часта дапамагалі царскім войскам, выступаючы супраць паўстанцаў. Усяго сярод паўстанцаў сяляне складалі каля 18 %.
У канцы студзеня 1863 г. на тэрыторыі заходніх паветаў Беларусі з’явіліся атрады з Польшчы. Першыя мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у Гродзенскай губерні ў сакавіку-красавіку. На барацьбу з паўстаннем была накіравана расійская армія, генерал-губернатарам быў прызначаны М. М. Мураўёў, які валодаў неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Новы віленскі генерал-губернатар заклікаў дзейнічаць супраць сялян толькі ў выключных выпадках.
У Мінскай губерні ўжо да канца чэрвеня некалькі пакінутых атрадаў, якія вялі партызанскую барацьбу, былі рассеяны. У Магілёўскай губерні актыўны ўдзел у баявых дзеяннях прынялі студэнты Горы-Горацкага земляробчага інстытута, але ў канцы красавіка там паўстанне згасла. У Віцебскай губерні дзейнічалі толькі нешматлікія атрады. Да мая 1863 г. паўстанне ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях было задушана. У гэтых губернях у падаўленні паўстання прыняло ўдзел і мясцовае насельніцтва, у асноўным праваслаўнага веравызнання. Гэта часта было звязана з жорсткім абыходжаннем паўстанцаў з мясцовым насельніцтвам і асабліва праваслаўным духавенствам.
У Гродзенскай губерні паўстаннем кіраваў В. К. Каліноўскі, і там яно працягвалася даўжэй за ўсё. У губерні дзейнічала пяць буйных атрадаў, ішлі зацятыя баі. Паўстанцы пацярпелі паразу ў гэтых месцах у сярэдзіне чэрвеня 1863 г.
Паўстанне 1863–1864 гг. было задушана царскімі ўладамі. Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Гэта былі тыя, чыя жорсткасць у дачыненні да мясцовага насельніцтва і супраціў расійскім уладам былі даказаныя. Каля 12 тыс. чалавек былі высланыя з краю і адпраўленыя на катаргу.