Печатать эту главуПечатать эту главу

Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці»

«Канон Школе»

Школа ў дадзеным каноне Г. Марчука паказваецца не проста як навучальная ўстанова, а як адзін з галоўных шляхоў і этапаў фарміравання людзей маладога пакалення ва ўмовах давыд-гарадоцкай ментальнасці. Нават настаўнікі, якія прыехалі з усходняй часткі Беларусі, асіміляваліся ў местачкоўскім асяроддзі, прынялі звычаі, мову, прыстасаваліся да адметнага ўкладу жыцця гарадчукоў. Ім палюбіўся гэты край, і яны назаўсёды звязалі з ім сваё жыццё.

Школа, у адрозненне ад вуліцы, прыкметна абмяжоўвае свабоду дзяцей, падпарадкоўвае яе «дысцыпліне і абавязкам». Многія вучні-гарадчукі, па назіраннях Г. Марчука, адносяцца да школы даволі нейтральна: «Хадзіць па веды яшчэ не ходзяць, не разумеюць, што веды палягчаюць жыццё, бо, як вучаць бацькі, — грашыма палягчаюць жыццё і толькі імі. Ідуць, каб атрымаць адзнаку па прадмеце, каб быць усім разам у школе, на танцах, на ўборцы бульбы, буракоў, кукурузы альбо на святочнай дэманстрацыі, на канцэрце. Бацькам спакайней, калі дзеці ў школе. Першая работа, хоць і грошай не плацяць». Як бачым, школа ва ўспрыманні местачкоўцаў даволі ліберальная ўстанова: ёсць жаданне і здольнасці — вучыся, «ніхто за вушы ў выдатнікі не цягне».

Школа — гэта вялікі перыяд жыцця, у які фарміруецца характар чалавека, складваюцца яго стасункі з людзьмі, з’яўляюцца сябры, нараджаецца першае каханне: «Адны пераходзілі з класа ў клас у чаканні новага адкрыцця свету, іншыя — у чаканні першага пацалунка. Але каб не на людзях. Барані божа. З заплюшчанымі вачыма. У напалову цёмным калідоры…»

У каноне Г. Марчук правёў паралель паміж школай і царквой, кожная з іх па-свойму вучыць чалавека ставіцца да свету: адна са свецкіх, другая з рэлігійных пазіцый. Дзеці гарадчукоў па прыкладзе сваіх бацькоў ніколі не спрачаліся ні з адной, ні з другой пазіцыяй. Яны прымалі гэта як спрэчку дзвюх ідэалогій, а сябе адасаблялі ад яе: «У царкве што — натхняюць тых, хто ўпаў духам, настаўляюць на шлях дабрадзейнасці. Гарадчукі не наіўныя, але сентыментальныя. Што ёсць, то ёсць. У школе, неўпрыкмет сталеючы, увесь час круцішся вакол прывычкі да працы і вакол стрыжня прыстойнасці. Паміж сабой царква і школа тут не спрачаюцца. Усе дзеці хрышчоныя, дома ўсе вераць у Бога, а ў школе робяць выгляд, што згодны з гісторыкам-атэістам».

Пісьменнік у творы размяжоўваў школу як навучальную ўстанову і як школу жыцця.

Школьныя гады заканчваюцца апошнім званком, выпускным вечарам і сустрэчай узыходу сонца — сімвала новага дня, новага этапу надзей на шчаслівае будучае. Усе выпускнікі Давыд-Гарадка сустракаюцца на Царкоўнай гары — месцы, дзе заснаваўся старажытны горад, адкуль яны, маладыя нашчадкі былых пакаленняў, уступаюць у самастойнае жыццё.

Школа жыцця суправаджае чалавека на працягу ўсяго яго існавання, у якім кожны набывае вопыт, мудрасць, на падставе чаго можа ацэньваць само жыццё, асэнсоўваць яго існасць: «Дык які сэнс жыцця? — пытае вулічны філосаф… — А Бог яго ведае. — То паслухай, скажу. Расце дрэва. А навошта? На зіму спілавалі, нарэзалі дроў, дровы далі дым, дым пайшоў у неба і там з іншымі дымамі ўтварыў хмару. Праліўся дождж. З зямлі з зярнятка вырастае новае дрэва, падобнае на тое, што спілавалі. І яго спілуюць, і яно дасць дым. І так бясконца. Дрэва расце, каб яго спілавалі». У гэтым простым народным разуменні жыцця заўважаецца паралель з коласаўскім «Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць».