Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 0—4. Асблівасці будовы генератыўных органаў раслін

Генератыўныя органы споравых раслін

Генератыўныя (рэпрадуктыўныя) органы забяспечваюць працэсы палавога размнажэння раслін. У споравых і насенных раслін генератыўныя органы адрозніваюцца.

У споравых раслін (імхі, дзераза, хвашчы, папараці) органамі палавога размнажэння з’яўляюцца антэрыдыі і архегоніі. Антэрыдыі — мужчынскія палавыя органы, якія размяшчаюцца на мужчынскай ці двухполай расліне і выпрацоўваюць мужчынскія гаметы (сперматазоіды). Антэрыдыі ўяўляюць сабой невялікія авальныя цельцы, якія маюць сценку з аднаго пласта клетак. Унутры іх знаходзяцца мацярынскія сперматагенныя клеткі, з якіх шляхам дзялення фарміруюцца двухжгуцікавыя (імхі, дзераза, хвашчы) ці шматжгуцікавыя (папараці) сперматазоіды. Пасля іх выспявання сценка антэрыдыя раздзіраецца, і сперматазоіды з дапамогай вады дасягаюць яйцаклетак. Архегоніі  жаночыя палавыя органы, якія размяшчаюцца на жаночай ці двухполай расліне і выпрацоўваюць жаночыя гаметы (яйцаклеткі). Архегоніі маюць колбападобную форму і складаюцца з пашыранага брушка і вузкай падоўжанай шыйкі. У брушку размяшчаецца буйная яйцаклетка. Пасля выспявання яйцаклеткі ў архегоній трапляюць сперматазаоіды. Абавязковай умовай для апладнення з’яўляецца наяўнасць вады.