Print this chapterPrint this chapter

§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства

4. Літаратура і мастацтва

Менавіта навуковы прагрэс, а таксама войны і рэвалюцыі разбурылі грамадскія традыцыі і паставілі пад сумненне ранейшую сістэму каштоўнасцей. Людзі, усё больш вызваляючыся ад маральных і грамадскіх прымусаў і забарон, звярталіся да падсвядомасці і прыродных інстынктаў, свету сваіх сноў, унутраных сіл, якія кіравалі іх учынкамі. Гэты супярэчлівы рацыяналізму кірунак у культуры зарадзіўся яшчэ ў канцы XIX ст., у поўнай жа меры ён праявіў сябе ў сферы мастацтва пасля Першай сусветнай вайны. Вынікам канфлікту рацыянальнага і ірацыянальнага ў культуры стала разнастайнасць літаратурных жанраў.

Паколькі розныя віды мастацтва ўзаемадзейнічалі паміж сабой і па-рознаму інтэрпрэтаваліся, у розных краінах свету і галінах культуры праявілася мноства мастацкіх школ і кірункаў. Разнастайнасць стыляў і метадаў, якія адышлі ад класічных прыёмаў мастацкай творчасці, атрымала назву мадэрнізм.

Экспрэсіянізм, які ўзнік у Германіі пасля Першай сусветнай вайны, знайшоў адлюстраванне спачатку ў жывапісе, затым у пластычным мастацтве, а таксама ў літаратуры, музыцы і кінематографе. Творы экспрэсіяністаў прасякнуты песімістычным бачаннем свету, напоўнены пачуццямі трывогі і страху, безвыходнасці і тугі, глыбокай незадаволенасцю навакольнай рэальнасцю.

Футурызм, які ўзнік у Італіі ў 1909 г., усхваляў рух, тэмп, хуткасць і знайшоў сваё адлюстраванне ў літаратуры, жывапісе, скульптуры і архітэктуры.

Свой скептыцызм альбо сумненне ў значнасці традыцыйных грамадскіх каштоўнасцей выказвалі буйны́я дзеячы культуры, якія не адносілі сябе да якіх-небудзь кірункаў альбо школ, — напрыклад, нямецкі філосаф і гісторык О. Шпенглер, італьянскі пісьменнік Л. Пірандэла, аўстрыйскі пісьменнік Ф. Кафка і інш. У процівагу філасофіі рацыяналізму з’явілася рэлігійная (М. дэ Унамуна, Ф. Марыяк) і ірацыянальная філасофія, якая адмаўляла альбо абмяжоўвала ролю розуму ў спасціжэнні свету. У мастацтве ірацыяналізм праявіўся ў такіх кірунках, як дадаізм і сюррэалізм.

Адыход ад рэальнага свету прыводзіў да суб’ектывізму (М. Пруст, Д. Джойс), эстэтычных пошукаў (П. Валеры) альбо да нейкай разнавіднасці класіцызму (Ж. Жыраду). Яркім выразнікам сюррэалізму ў жывапісе быў іспанскі мастак С. Далі.

Супрацьпастаўляючы сябе тым, хто адыходзіў ад рэальнасці, многія іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі прымалі актыўны ўдзел у сучасных падзеях. У той час калі ў Італіі футурызм з’яўляўся адным са складнікаў фашысцкай  ідэалогіі, у Францыі ў 1925—1934 гг. сюррэалізм быў ідэйна блізкі партыі камуністаў. У СССР пісьменнікі, дзеячы мастацтваў сталі служыць рэвалюцыі, дапамагалі будаваць новае сацыялістычнае грамадства. У Германіі пасля дабратворнага для культуры перыяду Веймарскай рэспублікі да ўлады прыйшлі нацысты, якія  выслалі з краіны многіх пісьменнікаў, мастакоў, іншых дзеячаў мастацтва, што прэтэндавалі на захаванне за сабой творчай свабоды. Апошнія не толькі пазбаўляліся права ствараць, але і нярэдка знішчаліся фізічна. Грамадзянская вайна ў Іспаніі выклікала ўмацаванне палітычнага ўплыву інтэлігенцыі ва ўсім свеце. У канцы 1930-х гг. Д. Стэйнбек, Э. Хемінгуэй, Л. Арагон сталі франтавымі карэспандэнтамі і прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях.

Уплыў кубізму, футурызму, экспрэсіянізму, выкарыстанне новых матэрыялаў (цэмент), а галоўнае — новыя ўмовы жыцця, звязаныя з развіццём індустрыяльнай цывілізацыі, адбіліся на архітэктуры XX ст. Хаця яшчэ працягваў існаваць манументальны стыль, натхнёны неакласіцызмам альбо неаготыкай (напрыклад, царква Святога сямейства А. Гаўдзі ў Барселоне), паскарэнне тэмпаў урбанізацыі запатрабавала ад архітэктуры функцыянальнасці і ўзвядзення вышынных будынкаў. Створаны В. Гропіусам у Веймары архітэктурны кірунак баўхаўз актыўна ўключыў элементы пластычнага мастацтва (упрыгажэнне, мэбліроўку) у архітэктуру, каб зрабіць яе больш функцыянальнай і адначасова эстэтычнай. Развіваючы новую канцэпцыю жылля з выкарыстаннем новых тэхналогій, швейцарскі архітэктар Ш. Э. Ле Карбюзье таксама прыняў да ўвагі ўрбанізм і неабходнасць узвядзення шматкватэрных будынкаў. Ён працягнуў сваю працу і пасля Другой сусветнай вайны. У пэўным сэнсе архітэктура ператварылася ў адзін з найбольш дэмакратычных відаў мастацтва: квіткі ў мастацкія галерэі і тэатры, на канцэрты, а таксама кнігі каштавалі грошай, а творы архітэктуры былі даступныя для агляду любому ахвотніку. Такім чынам, былі закладзены асновы новага кірунку ў архітэктуры — функцыяналізму.

У музыцы смелыя і наватарскія творы І. СтравінскагаА. Шонберга і іншых адлюстроўвалі разрыў з традыцыяй, са спадчынай Р. Вагнера, К. Дэбюсі. Але вялікай музычнай рэвалюцыяй першай паловы ХХ ст. лічыцца з’яўленне і развіццё джаза, які зарадзіўся ў Амерыцы.

Агульнапрызнанай народнай забавай пасля стварэння першых фільмаў братамі А. і Л. Люм’ер стала кіно. Да Першай сусветнай вайны ў кінематографе дамінавала Францыя, затым — Галівуд у ЗША з яго вестэрнамі і кінакамедыямі нямога кіно  (М. СенетБ. Кітан). У 1920-я гг. у Еўропе ўзніклі дзве кінематаграфічныя школы — нямецкая (Ф. Ланг) і савецкая (С. Эйзенштэйн і У. Пудоўкін). Нягледзячы на тое што ў Еўропе з’явіліся такія вядомыя рэжысёры, як Ж. Рэнуар і М. Карнэ, Амерыка захавала сусветнае лідарства ў кінавытворчасці.

Кіно, якое ўключала ў сябе элементы розных відаў мастацтва — літаратуры і тэатра, жывапісу і музыкі, — паступова станавілася магутным сродкам уздзеяння на свядомасць і псіхіку людзей.