§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе
2. Усталяванне фашысцкага рэжыму ў Італіі
Незадаволенасць вынікамі вайны прывяла да выбуху нацыяналістычных настрояў у Італіі. Шырокае распаўсюджванне атрымала ідэя стварэння «Вялікай Італіі» — спадчынніцы Старажытнага Рыма. Адначасова краіна перажывала заняпад эканомікі, інфляцыю. Працоўныя масы ва ўсім вінавацілі ліберальны ўрад, які дапусціў пагаршэнне эканамічнага становішча. Улетку 1919 г. па краіне пракацілася хваля масавых стачак. Пад кіраўніцтвам сацыялістаў і камуністаў рабочыя пачалі захопліваць заводы і фабрыкі. Аднак левыя ў гэтым пытанні праявілі нерашучасць і непаслядоўнасць, што ў выніку адштурхнула ад іх рабочых. Прадпрымальнікі, напалоханыя пагрозай сацыялістычнай рэвалюцыі і перадзелу маёмасці, марылі пра ўсталяванне цвёрдай улады і парадку.
У сітуацыі нестабільнасці і няздольнасці ўрада справіцца з вострымі сацыяльнымі праблемамі ў Італіі стаў набіраць моц фашызм — праварадыкальны рух, заснаваны ў пачатку 1919 г. былым сацыялістам Б. Мусаліні. Італьянскія фашысты ўмела скарысталіся ўсеагульнай незадаволенасцю і бядотным становішчам краіны. Яны перанялі ў левых патрабаванне сацыяльнай справядлівасці і ў той жа час абяцалі абараняць правы ўласнікаў. Вырашыць усе праблемы фашысты прапаноўвалі шляхам усталявання цвёрдага парадку і дыктатуры. У кастрычніку 1922 г. фашысцкія атрады арганізавалі «паход на Рым», названы пазней фашысцкай рэвалюцыяй. Кароль Віктор Эмануіл III палічыў за лепшае даручыць Мусаліні фарміраванне новага кабінета. Так пры падтрымцы кіруючых колаў краіны італьянскія фашысты прыйшлі да ўлады.
Праз два гады фашысты, атрымаўшы перамогу на выбарах, прыступілі да скасавання дэмакратыі і ўсталявання дыктатуры. Былі забаронены апазіцыйныя партыі, ліквідаваны грамадзянскія правы і абмежаваны паўнамоцтвы парламента. Дзяржаўны апарат быў ачышчаны ад «антынацыянальных элементаў». Любое супраціўленне фашысцкаму рэжыму жорстка душылася. Мусаліні фактычна стаў аднаасобным кіраўніком краіны.
У 1930-я гг. дзякуючы палітыцы аўтаркіі Мусаліні ўдалося дабіцца адноснай эканамічнай стабілізацыі, якая дазволіла рэжыму праводзіць актыўную знешнюю палітыку. Фашысцкая Італія пачала агрэсію супраць Абісініі (Эфіопіі) і Албаніі, умяшалася ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі на баку мяцежнікаў генерала Франка. Уступіўшы ў агрэсіўны саюз з фашысцкай Германіяй, яна стала адной з дзяржаў, якія развязалі Другую сусветную вайну.