Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16. Краіны Захаду ў міжваенны перыяд

1. Пасляваенныя праблемы

У 1919 г. тры заходнія краіны — Вялікабрытанія, Францыя і ЗША — знаходзіліся на вяршыні сваёй магутнасці. Яны задавалі тон на Парыжскай мірнай канферэнцыі і ўпэўнена глядзелі ў будучыню. Паступова пераадольваліся пасляваенная разруха, інфляцыя і цяжкасці ў фінансавай сістэме. Эканоміка вярнулася да мірнай вытворчасці і гандлю. Праз некалькі гадоў у сем’ях з сярэднім дастаткам пачаўся ўздым жыццёвага ўзроўню. Аднак становішча ў 1920—1930-я гг. нельга было назваць устойлівым. Тройчы за гэты час эканоміку заходніх дзяржаў ахоплівалі крызісы рознай глыбіні: 1920—1921, 1929—1933, 1937—1938 гг.

У першыя пасляваенныя гады эканамічныя праблемы выклікалі сацыяльную незадаволенасць і рабілі радыкальныя ідэі больш папулярнымі. Следам за Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Расіі пракацілася хваля рэвалюцый сацыялістычнага характару па Фінляндыі, Германіі, Венгрыі. Рэвалюцыйныя выступленні ў еўрапейскіх краінах і ўздым вызваленчага руху ў калоніях, узнікненне III (Камуністычнага) Інтэрнацыянала і прыход да ўлады ў некаторых краінах сацыялістычных партый (напрыклад, у Германіі), здавалася, пацвярджалі прадказанні заснавальнікаў камуністычнай тэорыі аб непазбежнай гібелі капіталізму. Хваля рэвалюцыйных выступленняў і заваяванне ўлады ў Расіі бальшавіцкай партыяй абумовілі страх перад пагрозай распаўсюджвання камунізму. І калі адны знаходзілі ў сацыялізме выйсце з кола нявырашаных праблем, то іншыя ўцягваліся ў нацыяналістычныя рухі правага кірунку.

Нямала праблем існавала і ў сферы міжнароднага жыцця. Мірныя дагаворы расчаравалі многіх еўрапейцаў, асабліва немцаў, італьянцаў і прадстаўнікоў розных этнічных груп Усходняй Еўропы. Заходнія дэмакратыі мелі вострую патрэбу ў моцных палітычных лідарах, якія маглі б годна супрацьстаяць маштабу эканамічных і палітычных выклікаў, узніклай пагрозе фашызму і новай сусветнай вайны.

Надзвычай вострай была праблема ажыццяўлення Германіяй рэпарацыйных выплат. Яе ўдалося ўрэгуляваць толькі пасля таго, як нью-ёркскія банкі пачалі прадастаўляць крэдыты Германіі. Гэтыя грошы ў выглядзе рэпарацый ішлі ў Францыю і Вялікабрытанію, а адтуль вярталіся ў ЗША для пагашэння ваенных запазычанасцей. Трохбаковы паток грошай, заснаваны на крэдыце, стымуляваў хуткае аздараўленне еўрапейскай эканомікі. Паступова наладжвалася эканамічнае жыццё ў Францыі і Германіі. У ЗША пачаўся эканамічны бум, які працягваўся пяць гадоў.