Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 52. Хімічная прамысловасць Рэспублікі Беларусь у інтарэсах устойлівага развіцця краіны

Хімічная прамысловасць — найважнейшы сектар эканомікі Беларусі. Ён забяспечвае функцыянаванне іншых галін гаспадарчага комплексу, эканамічную бяспеку, абараназдольнасць, а ў выніку — устойлівае развіццё краіны і годны ўзровень жыцця насельніцтва.

Нашу краіну часта называюць «краінай вялікай хіміі». Такой яна стала ў 60–70-я гады ХХ стагоддзя, калі намаганнямі палітыкаў і вучоных, інжынераў і будаўнікоў у нас у краіне з’явіліся магутныя хімічныя прадпрыемствы, навукова-даследчыя інстытуты і вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць хімікаў-даследчыкаў і хімікаў-тэхнолагаў.

Асноўныя галіны хімічнай прамысловасці Беларусі — гэта горна-хімічная (вытворчасць калійных угнаенняў), нафтахімічная (перапрацоўка нафты) і асноўная хімія (вытворчасць мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў і нітак, сінтэтычных смол і пластычных мас, гуматэхнічных вырабаў і інш.).

Хімічныя рэчывы і хімічныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца не толькі непасрэдна ў хімічнай прамысловасці, але і ў вытворчасці шкла, керамікі, паперы, фарбаў, металічных пакрыццяў і ў многіх іншых прамысловых працэсах.