Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Разнастайнасць тканак

Для клетак раслін характэрна наяўнасць некаторых спецыфічных асаблівасцей будовы. Так, у адрозненне ад клетак жывёл яны маюць клетачную сценку, якая складаецца з цэлюлозы, змяшчаюць вакуолі і хларапласты. Запасным пажыўным рэчывам у клетках раслін з’яўляецца крухмал. Дыферэнцыяцыя цела на тканкі і органы ў раслін з’явілася вынікам іх прыстасавання да наземных умоў асяроддзя. Тканка — сукупнасць клетак і міжклетачнага рэчыва, падобных па паходжанні, будове і выконваемых функцыях. Пасля выхаду на сушу ў раслін у залежнасці ад выконваемай функцыі сфарміраваліся наступныя віды тканак: утваральныя (мерыстэмы), покрыўныя, праводзячыя, механічныя і асноўныя (парэнхімы). Паводле будовы тканкі бываюць простыя і складаныя. Простыя тканкі складаюцца з аднаго тыпу клетак, а складаныя ўключаюць клеткі розных тыпаў. Агульная характарыстыка тканак раслін прыведзена ў табліцы.

Табліца. Агульная характарыстыка будовы, месцазнаходжання і функцый тканак раслін

Назва тканак

Асаблівасці будовы

Месцазнаходжанне ў расліне

Функцыі

Утваральныя:

  • верхавінкавыя;
  • бакавыя
  • Клеткі дробныя, з тонкай абалонкай, густой цытаплазмай, дробнымі вакуолямі, буйным ядром.
  • Яны шчыльна прылягаюць адна да адной і ўвесь час дзеляцца ў розных напрамках 
  • На верхавіне сцябла, кончыку кораня ва ўсіх раслін.
  • У вузлах злакавых; унутры сцябла і кораня голанасенных і двухдольных пакрытанасенных раслін 

Утвараюць усе пастаянныя тканкі і забяспечваюць рост расліны ў вышыню і таўшчыню на працягу ўсяго жыцця 

Покрыўныя:

  • эпідэрміс;
  • перыдэрма;
  • корка

Жывыя (эпідэрміс) ці мёртвыя (перыдэрма, корка) клеткі з тоўстымі сценкамі, шчыльна прылягаюць адна да адной, утвараючы адзін ці некалькі пластоў. Жывыя клеткі звонку пакрыты васковым налётам ці кутыкулай

На паверхні ўсіх органаў (сцябла, кораня, ліста, кветкі, плода і насення) 

Ахоўваюць унутраныя тканкі расліны ад уздзеяння знешніх фактараў, рэгулююць яго водны і газавы абмен з асяроддзем

Праводзячыя:

  • ксілема;
  • флаэма

Складаныя тканкі.

  • Трахеіды, сасуды, драўняныя валокны, драўняная парэнхіма.
  • Сітападобныя трубкі, клеткі-спадарожніцы, лубяныя валокны, лубяная парэнхіма 

Ва ўсіх органах расліны

Забяспечваюць транспарт у арганізме:

  • вады, мінеральных рэчываў (узыходны ток);
  • арганічных рэчываў (сыходны ток)

Механічныя:

  • калянхіма;
  • склеранхіма
  • Жывыя клеткі з нераўнамерна патоўшчанымі абалонкамі.
  • Мёртвыя клеткі з патоўшчанымі сценкамі 

Ва ўсіх органах расліны (найбольш развіты ў сцябле, у корані займаюць цэнтральнае становішча)

Надаюць трываласць і пругкасць усім органам расліны і забяспечваюць іх арыентацыю ў прасторы 

Асноўныя (парэнхіма):

  • асімілюючая;
  • запасаючая;
  • паветраносная;
  • ваданосная

Буйныя, круглыя ці авальныя, рыхла размешчаныя клеткі, паміж якімі маюцца міжклетнікі 

Ва ўсіх органах расліны (найбольш развіты ў пладах, насенні і запасаючых органах) 

Функцыя залежыць ад асаблівасцей будовы і месца размяшчэння тканкі:

  • фотасінтэз;
  • запасанне пажыўных рэчываў;
  • запасанне паветра;
  • запасанне вады

 

Далей разгледзім больш падрабязна характарыстыку вышэйназваных тканак.