§ 46. Шчолачныя металы
Біялагічная роля і прымяненне злучэнняў шчолачных металаў
Іоны натрыю і калію адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці арганізма чалавека і жывёл. У арганізме дарослага чалавека ўтрыманне натрыю складае каля 150 г, а калію — каля 250 г. Іоны натрыю ўплываюць на электралітычны баланс клетак арганізма, удзельнічаюць у транспарце праз мембраны клетак амінакіслот, цукроў, неарганічных і арганічных аніёнаў, ва ўтварэнні страўнікавага соку. Іоны калію вызначаюць узбуджальнасць і праводнасць сардэчнай мышцы, удзельнічаюць у працэсах перадачы нервовых імпульсаў. Літый здольны рэгуляваць актыўнасць ферментаў.
Іоны калію неабходныя для жыцця раслін. Яны знаходзяцца ў асноўным у клетачным соку, дапамагаюць сінтэзу бялкоў і цукроў, назапашванню вугляводаў, нармалізуюць працэс фотасінтэзу, спрыяюць павышэнню механічнай трываласці тканак, устойлівасці да некаторых захворванняў.
Злучэнні шчолачных металаў знайшлі прымяненне ў разнастайных галінах прамысловасці. Да прыкладу, сілікаты літыю неабходны для вырабу трывалай керамікі. Cплаў літыю (7Li) з натрыем служыць эфектыўным цепланасіцелем у ядзерных рэактарах. Літый выкарыстоўваюць у металургіі лёгкіх сплаваў, у вытворчасці акумулятарных батарэй.
Нобелеўскую прэмію па хіміі за 2019 год атрымалі Джон Гудэнаф, Стэнлі Уітынгем і Акіра Ёсіно за распрацоўку літый-іонных батарэй. Літый-іонныя батарэі значна лягчэйшыя і кампактныя, чым больш раннія тыпы акумулятараў. Яны выкарыстоўваюцца ў мабільных тэлефонах, ноўтбуках, кардыёстымулятарах, электрамабілях.
З хларыду натрыю атрымліваюць гідраксід натрыю, пераксід натрыю, хлор, кальцыніраваную соду Na2CO3 і пітную соду NaHCO3 (харчовая дабаўка Е500).
Сульфат натрыю выкарыстоўваюць у шкляной і гарбарнай прамысловасці, вытворчасці мыйных сродкаў і медыцынскіх прэпаратаў.
Сілікат натрыю Na2SiO3 атрымліваюць сплаўленнем NaOH або соды з крэменезёмам:
Ён неабходны для вырабу гарачатрывалага, кіслота- і гідраўстойлівага бетону, вогнетрывалых фарбаў, клеяў, супрацьпажарных пакрыццяў па дрэве (антыпірэнаў), для ўмацавання слабых грунтоў, у вытворчасці электродаў, для ачысткі расліннага і машыннага алеяў.
Гідраксіды натрыю і калію выкарыстоўваюцца для прыгатавання электралітаў шчолачных акумулятараў, а таксама ў вытворчасці мыла, фарбаў, цэлюлозы.
Солі калію KCl, KNO3, K2CO3 — важныя мінеральныя ўгнаенні.