Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Адрозненне пабочных сказаў ад устаўных

Каб адрозніць пабочныя сказы ад устаўных, трэба памятаць:
Пабочныя сказы часта называюць крыніцу паведамлення, указваюць на сувязь з іншымі паведамленнямі, выражаюць адносіны моўцы да выказанай думкі, маюць агульную ацэнку паведамлення (як кажуць, на мой погляд, як мы спадзяваліся, здаецца, галоўнае, самае галоўнае, напрыклад, скажам і інш.): Рэчка, як нам здавалася, пачынала мялець (І. Навуменка).
Пабочныя сказы вызначаюцца запланаваным характарам выкарыстання ў маўленні. Іх граматыка і інтанацыя звязаны з граматыкай і інтанацыяй усяго сказа: Рады я. Маё жаданне, бачу я, спаўняецца (П. Броўка).
Устаўныя сказы перадаюць дадатковыя паведамленні, звесткі, заўвагі, розныя ўдакладненні, тлумачэнні: Амаль хлопчыкам (было яму ўсяго сямнаццаць) Васіль Быкаў сустрэў вайну (П. Панчанка).
Граматычна і інтанацыйна ўстаўныя сказы выдзелены з асноўнага сказа. Яны як бы нечакана з’яўляюцца ў маўленні, разрываючы сувязі паміж словамі: Маленькую даніну — зарынкі родных слоў — прымі, сястрыца Ніна, на шчырую любоў (С. Панізнік).