Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Сфармулюйце і запішыце асноўную думку тэксту. 

На жаль, частка сучасных працэсаў у галіне лексікі — адкрытае i яўнае сведчанне зніжэння агульнай культуры грамадства, узмацнення яго варварызацыі. Такім, на нашу думку, з’яўляецца ўжыванне нецэнзурнай лексікі. Яе выкарыстанне ў публічным маўленні аб’ектыўна падмацоўвае пазіцыі вульгарызмаў. Шматкроп’е, якое ўводзіць журналіст з тым, каб чытач сам узнаўляў у памяці нецэнзурны выраз, шумавыя накладкі на нецэнзурныя словы або празрыстыя намёкі на лаянкавую лексіку — усё гэта спробы парушэння табу.
Вядома, што забарона на ўжыванне пэўных слоў абумоўлена не толькі сацыяльна-палітычнымі, але i гістарычнымі, культурнымі i этычнымі фактарамі, якія дзейнічаюць на працягу доўгага часу. Варта падкрэсліць, што адмаўленне ад табу небяспечна па многіх прычынах. Як вядома, лаянкавыя словы — гэта форма вербальнай агрэсіі, зневажальных адносін не толькі да непасрэдных удзельнікаў размовы, але i да ўcix, хто яе чуе (Л. Выгонная).

Выпішыце сказы з пабочнымі канструкцыямі. Растлумачце іх ролю ў маўленні. Абгрунтуйце пастаноўку знакаў прыпынку.
Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго сказа з пабочнымі канструкцыямі.
Выкажыце сваё меркаванне адносна ўжывання ненарматыўнай лексікі.
Выпішыце запазычаныя словы, вусна растлумачце іх значэнне.