|
Мэта сказаў са звароткамі — засяродзіць увагу слухачоў (чытачоў) на прадмеце паведамлення, перадаць загад, просьбу, пажаданне таго, хто гаворыць. Называючы адрасата, зваротак разам з іншымі членамі сказа ўдзельнічае ў камунікатыўнай функцыі маўлення. Выбар пэўнай формы зваротка прама або ўскосна адлюстроўвае адносіны да субяседніка, абумоўленыя ўзроставымі, сацыяльнымі, асабістымі кантактамі, а таксама эмацыянальным станам таго, хто гаворыць, узроўнем яго маўленчай культуры. Асноўная сфера ўжывання сказаў са звароткамі: а) вуснае або пісьмовае дыялагічнае маўленне: — Добрага дня, сейбіты! — раздаўся голас Андрэя Сцяпанавіча. — Добры дзень, брыгадзір! — дружна пачулася ў адказ; б) мова аратарскіх выступленняў: Шаноўныя настаўнікі, дазвольце павіншаваць вас з прафесійным святам; в) маўленне дзелавога характару: Калегі, пачынаем пасяджэнне кафедры; г) мова прыватнай і афіцыйнай перапіскі, дзе зваротак з’яўляецца формулай, з якой пачынаецца пісьмо: Дарагія мае сямейнікі, нарэшце з’явілася хвілінка напісаць вам; д) мова паэтычных твораў: Ах, восень, восень, ты пад сонцам неапісальнай пекнаты (П. Броўка).
|