Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Растлумачце, з якой мэтай аўтар выкарыстоўвае звароткі ў тэксце.

Наша Бацькаўшчына!

Шпарка бегаеш ты, шэры воўк! Дуж ты на ногі, ходак на бягню, цягуч у дарозе. Але дарма… Бо не аббегаць табе, скараход-жывадзёр, за ўвесь ваўчыны век твой усіх прастораў старонкі нашае, не пратаптаць сцежак па ўсіх лясах нашых дрымучых. Не! Блудзіш і ты ў машка́х1-купінках нашых.
І ты, буцян2 магутнакрылы, бусел-чарнагуз3! Відзеў ты піраміды фараонаў егіпецкіх, у шкляной, бліскучай люстраной вадзе Ніла гістарычнага глядзеўся ты, прыгажун. Цераз нашага прадзеда, Дуная мнагаводнага, ляцеў ты, даўганогі, і многа старонак з рознымі людзьмі нянашынскай веры, і гаворкі, і аблічча відзеў ты! Але — дарма! Бо ніколі не выхадзіць ні табе, ні буслянятам тваім балот нашае зямелькі. Ніколі не красавацца табе бясконцай і неабгляднай уздоўжкі і ўшыркі стужкай палёў нашых разнаколерных, нашых лясоў зялёна-сініх, нашых рэчак ціхаводных, што вербалозам ды краскамі абраслі.
Бліскаеш ты, маланка-бліскаўка, скрозь усё неба божае бліскаеш, аж з краю ў край. Зверху ўніз рассякаеш ты, не ўгледзець калі, велізарнае бяздонне нябеснае. А дарма… Бо ніколі не асвяціць табе адразу старонкі нашае патаемнае! (М. Гарэцкі).

1машкі — імхі
2буцян — літаратурная форма бацян
3чарнагуз — абл. белы бусел (калі крылы бусла складзены, ствараецца ўражанне, што задняя частка птушкі чорная)

Назавіце формы слоў, якія не адпавядаюць сучасным нормам беларускай мовы.
Знайдзіце ў тэксце прыдаткі. Растлумачце, чым яны адрозніваюцца ад звароткаў.
Выпішыце з тэксту кароткія прыметнікі. Дайце ім граматычную характарыстыку.
Разгледзьце фотаздымак Браслаўскіх азёр. Карыстаючыся інфармацыяй з розных крыніц, падрыхтуйце рэкламны тэкст пра гэтыя мясціны для турыстаў розных узростаў. Выкарыстоўвайце звароткі.