Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 0-6. Сказы з адасобленымі членамі. Адасобленыя азначэнні і прыдаткі, акалічнасці, дапаўненні, удакладняльныя члены сказа, іх сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля

Практыкаванне 6

Прачытайце інфармацыю. На яе аснове складзіце і запішыце сказы з прыдаткамі. Падкрэсліце прыдаткі, назавіце ўмовы іх адасаблення.

1. Максім Багдановіч (1891—1917). Беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнавец. Аўтар вершаў «Слуцкія ткачыхі», «Па-над белым пухам вішняў», «Маладыя гады», «Беларусь, твой народ дачакаецца», «Пагоня» і інш. Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў — «Вянок» (Вільня, 1913).
2. Язэп Драздовіч (1888—1954). Беларускі мастак, этнограф, пісьменнік. Прадстаўнік рамантычнага напрамку ў беларускім мастацтве. Стварыў графічныя серыі, прысвечаныя старажытнай замкавай архітэктуры Беларусі («Мір», «Крэва», «Ліда»). Шэраг работ прысвечаны Францыску Скарыне. Маляваў насценныя дываны.
3. Язэп Лёсік (1883—1940). Беларускі мовазнавец, пісьменнік, педагог. Пісаў нарысы па гісторыі Беларусі. Аўтар прац па беларускай мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924), «Сінтаксіс беларускае мовы» (1925), «Граматыка беларускае мовы» (1926).
4. Браніслаў Тарашкевіч (1892—1938). Беларускі мовазнавец, перакладчык, літаратуразнавец. Аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918). У 20-я гады XX стагоддзя — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы.
5. Цётка (Алаіза Пашкевіч) (1876—1916). Беларуская паэтка-рэвалюцыянерка. Настаўнічала ў вёсцы. У 1906 годзе надрукавала зборнікі вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, павагай да чалавека працы.