|
П р ы д а т к і, выражаныя адзіночнымі назоўнікамі або назоўнікамі з паясняльнымі словамі, а д а с а б л я ю ц ц а ў наступных выпадках: 1) незалежна ад месца ў сказе, калі адносяцца да асабовых займеннікаў: Сын лесніка, я з маленства любіў паліць касцёр, пасядзець ля вогнішча (І. Шамякін); 2) калі адносяцца да ўласнага ці агульнага назоўніка і стаяць пасля яго: Шырокай светлай паласою нясе свае воды Дняпро — любімая рака ўсходніх славян (В. Вольскі). Скардзіцца зямля на свайго сына — чалавека (М. Танк); 3) калі стаяць перад уласным назоўнікам, з’яўляюцца развітымі і маюць дадатковае акалічнаснае значэнне: Таленавіты палкаводзец, барацьбіт за свабоду, праціўнік прыгнёту, Тадэвуш Касцюшка добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі (Я. Пархута); 4) калі выражаны ўласнымі назоўнікамі, стаяць пасля агульнага назоўніка і маюць удакладняльнае значэнне (як правіла, перад імі можна ўставіць словы а іменна, гэта значыць): Гэта быў наш сусед, Іван Бразоўскі (Я. Брыль); 5) калі выражаны ўласнымі назоўнікамі са словамі па прозвішчы, па мянушцы, па клічцы і інш. і стаяць пасля назоўніка: Запомніўся жартаўлівы сусед, па прозвішчы Аўласенка; 6) калі звязваюцца з паяснёным назоўнікам злучнікамі ці, або, як: Шыпшына, або дзікая ружа, належыць да сямейства ружакветных (У. Корсун). Запомніце! Калі слова (ці некалькі слоў) са злучнікам як мае значэнне ʻў якасці’, яно н е а д а с а б л я е ц ц а: Максім Танк захапляе чытачоў цэльнасцю сваіх поглядаў на жыццё як на чалавечую каштоўнасць (У. Калеснік).
|