Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 21. Інавацыйнае развіццё краіны

Навуковы патэнцыял Рэспублікі Беларусь. У Рэспубліцы Беларусь сфарміравана сістэма навуковай дзейнасці, асноўнымі кампанентамі якой з’яўляюцца ўстановы адукацыі (ад студэнцкай лавы да падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі) і навуковыя ўстановы (арганізацыі, якія ажыццяўляюць даследчую і навукова-тэхнічную дзейнасць). Навуковыя даследаванні і распрацоўкі выконваюць больш за 300 арганізацый (уключаючы ўстановы вышэйшай адукацыі). Вядучай навуковай арганізацыяй у краіне з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

icon-remember
Прыгадайце, у якім годзе адбылося адкрыццё Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Хто быў першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук? 

У сучасных умовах толькі тыя дзяржавы, якія актыўна ўкараняюць навуковыя дасягненні ў розныя сферы жыццядзейнасці грамадства, здольны забяспечыць высокі ўзровень сацыяльнага дабрабыту і заняць годнае месца на сусветнай арэне.

Навука — найважнейшы фактар прагрэсу і інавацыйнага развіцця?

Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, Рэспубліка Беларусь належыць да ліку краін з высокім узроўнем навуковага патэнцыялу. У рэйтынгу «добрых краін» (GoodCountry Index — 2019) Беларусь заняла 61-е месца сярод 153 краін, пры гэтым найбольш высокую пазіцыю (23-е месца) — па паказчыку «навука і тэхналогіі».

icon-search
Даведайцеся, па якіх яшчэ крытэрыях ацэньваецца «добрая краіна» ў дадзеным рэйтынгу. Якія пазіцыі займае наша краіна па выніках апошняга даследавання? 

Беларуская навука займае трывалыя пазіцыі ў такіх галінах, як інфарматызацыя і праграмнае забеспячэнне, нанатэхналогіі і новыя матэрыялы, энергаэфектыўныя, лазерныя тэхналогіі, генетыка і біятэхналогіі, экалагічная ўстойлівасць і інш. З мэтай захавання і развіцця навуковага патэнцыялу прызначаюцца спецыяльныя стыпендыі і ўстанаўліваюцца надбаўкі дзеячам навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры, а таксама таленавітым маладым вучоным.

Актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва беларускіх вучоных. Гэта абумоўлена інтэрнацыянальным характарам навуковай дзейнасці. Немагчыма плённа даследаваць многія важныя з’явы, напрыклад стан навакольнага асяроддзя, інфекцыйныя захворванні, міграцыю насельніцтва або эканамічныя праблемы, толькі з нацыянальнага пункту погляду. Для правядзення найбольш перспектыўных і складаных навуковых даследаванняў патрабуюцца аб’яднаныя намаганні шэрагу краін.

Беларускія вучоныя і інжынеры паспяхова ўдзельнічалі ў стварэнні складаных сістэм эксперыментальных установак Вялікага адроннага калайдара ў Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (CERN), размешчанай на мяжы Швейцарыі і Францыі.

icon-search
Даведайцеся, што рабілі на Вялікім адронным калайдары настаўнікі фізікі з Беларусі. Праверце дакладнасць гэтай інфармацыі. Выкарыстайце памятку для праверкі навуковай інфармацыі ў інтэрнэце.