Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Маладзёжная палітыка. У Рэспубліцы Беларусь распрацаваны прыярытэты маладзёжнай палітыкі, вызначаны яе мэты, задачы, формы рэалізацыі. Маладзёжная палітыка — сістэма сацыяльных, эканамічных, палітычных, арганізацыйных, прававых і іншых мер, якія накіраваны на падтрымку маладых грамадзян і ажыццяўляюцца дзяржавай з мэтай сацыяльнага станаўлення і развіцця моладзі, найбольш поўнай рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.

У прынятай у 2021 г. Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 г. вызначаюцца мэты, прыярытэты і інструменты дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, а таксама параметры інвестыцый у маладзёжныя праграмы, праекты, маладзёжныя грамадскія аб’яднанні і інфраструктуру маладзёжнай палітыкі.

Прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляюцца прафарыентацыя, адукацыя і працаўладкаванне моладзі; сацыяльна-эканамічная падтрымка маладой сям’і; развіццё творчага патэнцыялу таленавітай моладзі; фарміраванне стандартаў здаровага ладу жыцця, экалагічнай культуры і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.

У цяперашні час у краіне дзейнічае больш за 300 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Яны рэалізуюць розныя грамадскія праекты, займаюцца вывучэннем гісторыі і культуры Беларусі, актыўна ўключаюцца ў валанцёрскую, экалагічную, інавацыйную дзейнасць.

У 2011 г. па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі стартаваў праект «100 ідэй для Беларусі» на лепшую інавацыйную ідэю ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. За ўсю гісторыю «100 ідэй» арганізатарам паступіла больш за 15 тыс. заявак. Больш за 3 тыс. з іх рэалізаваныя.

icon-search
Даведайцеся, якія праекты сталі пераможцамі ў бягучым годзе. Якія намінацыі праекта вам найбольш цікавыя? 

Важным напрамкам маладзёжнай палітыкі беларускай дзяржавы з’яўляецца падтрымка таленавітай і адоранай моладзі. Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ажыццяўляюць выплату стыпендый і розных прэмій, аказваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Сродкі фондаў выкарыстоўваюцца для правядзення нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд і г. д.