Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 14-1. Асновы сямейнага права

Паняцце сямейнага права.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (1999)

Артыкул 1. Задачы заканадаўства аб шлюбе і сям’і

Задачамі заканадаўства аб шлюбе і сям’і з’яўляюцца:

умацаванне сям’і ў Рэспубліцы Беларусь як натуральнай і асноўнай ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, недапушчэнне аслаблення і разбурэння сямейных сувязей;

пабудова сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе жанчыны і мужчыны, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемным каханні, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і;

устанаўленне правоў дзяцей і забеспячэнне іх прыярытэту ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам;

устанаўленне правоў і абавязкаў мужа і жонкі, бацькоў і іншых членаў сям’і ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нормамі міжнароднага права;

ахова мацярынства і бацькоўства, правоў і законных інтарэсаў дзяцей, забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці;

улік найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі рашэнняў у дачыненні да дзяцей.

Артыкул 12. Шлюб

Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, накіраваны на стварэнне сям’і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі.

Артыкул 15. Заключэнне шлюбу

Шлюб заключаецца ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.

Артыкул 16. Тэрміны заключэння шлюбу

Заключэнне шлюбу адбываецца ў тэрмін, узгоднены асобамі, якія бяруць шлюб, з органам, што рэгіструе акты грамадзянскага стану, але не раней чым праз тры дні і не пазней чым праз тры месяцы з дня звароту.

У выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, наяўнасцю агульнага дзіцяці або асаблівымі абставінамі, шлюб можа быць заключаны да заканчэння трохдзённага тэрміну, у тым ліку ў дзень звароту.

Артыкул 17. Умовы заключэння шлюбу

Для заключэння шлюбу неабходны ўзаемная згода асоб, якія бяруць шлюб, дасягненне імі шлюбнага ўзросту і адсутнасць перашкод для заключэння шлюбу, прадугледжаных артыкулам 19 гэтага Кодэкса.

Артыкул 18. Шлюбны ўзрост

Шлюбны ўзрост устанаўліваецца ў васямнаццаць гадоў.

У выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, нараджэннем дзіцяці, а таксама ў выпадку набыцця непаўналетнім поўнай дзеяздольнасці да дасягнення паўналецця орган, што рэгіструе акты грамадзянскага стану, можа знізіць асобам, якія бяруць шлюб, шлюбны ўзрост, устаноўлены часткай першай гэтага артыкула, але не больш чым на тры гады.

Зніжэнне шлюбнага ўзросту адбываецца па заяве асоб, якія бяруць шлюб. Пры гэтым згоды бацькоў, папячыцеляў непаўналетніх на заключэнне шлюбу не патрабуецца.

Артыкул 19. Перашкоды для заключэння шлюбу

Не дапускаецца заключэнне шлюбу:

паміж асобамі, з якіх хаця б адна асоба ўжо знаходзіцца ў іншым шлюбе, зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку;

паміж сваякамі па прамой узыходнай і зыходнай лініі, паміж паўнароднымі і непаўнароднымі братамі і сёстрамі, а таксама паміж усынаўляльнікамі (удачаральнікамі) (далей — усынаўляльнік) і усыноўленымі (удачаронымі) (далей — усыноўлены);

паміж асобамі, з якіх хаця б адна асоба прызнана судом недзеяздольнай.

Утойванне асобай, якая бярэ шлюб, акалічнасцей, што перашкаджаюць яго заключэнню, з’яўляецца падставай для прызнання шлюбу несапраўдным.

icon-task

16-гадовая Алена і 17-гадовы Сяргей выказалі жаданне зарэгістраваць свае адносіны і заключыць шлюбны дагавор. У іх ёсць агульнае дзіця.

  • 1) Ці спатрэбіцца ім чыя-небудзь згода для заключэння шлюбу?
  • 2) Ці спатрэбіцца ім чыя-небудзь згода для заключэння шлюбнага дагавора? Калі так, то чыя згода павінна быць? Чаму?