Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права

Паняцце канстытуцыйнага права. Канстытуцыя з’яўляецца асноўнай крыніцай канстытуцыйнага права, вядучай галіны права прававой сістэмы любой дзяржавы.

Канстытуцыйнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць найважнейшыя грамадскія адносіны. Гэта адносіны, якія вызначаюць асновы арганізацыі дзяржавы і грамадства, асновы становішча чалавека ў дзяржаве, парадак дзейнасці дзяржаўных органаў. Важнасць дадзеных грамадскіх адносін вызначае асаблівае месца канстытуцыйнага права ў сістэме права. Яго нормы з’яўляюцца базавымі для іншых галін, таму канстытуцыйнае права часта характарызуюць як вядучую галіну. Напрыклад, нормы канстытуцыйнага права вызначаюць сістэму органаў выканаўчай улады, парадак іх фарміравання і паўнамоцтвы, што з’яўляецца асновай для адміністрацыйнага права. Замацоўваючы разнастайныя формы ўласнасці і правы ўласніка, канстытуцыйнае права стварае аснову для грамадзянскага права. Такую сувязь можна прасачыць і з іншымі галінамі.