Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі

Паняцце правазнаўства. Правазнаўства, ці юрыспрудэнцыя (ад лац. jus — «права» і prudentia — «прадбачанне», «веданне») — гэта навука, якая вывучае права, дзяржаву і яе інстытуты, а таксама практыку прымянення прававых норм. Радзімай правазнаўства лічыцца Старажытны Рым, дзе ажыццяўлялася сістэматычная падрыхтоўка прафесійных правазнаўцаў. Значэнне юрыстаў для Старажытнага Рыма добра ілюструе той факт, што працы найбольш вядомых старажытнарымскіх правазнаўцаў — Ульпіяна, Папініяна, Паўла, Гая і Мадэсціна — прызнаваліся крыніцамі права.

Правазнаўства належыць да грамадскіх навук, г. зн. навук, якія вывучаюць грамадства з розных пазіцый. Правазнаўства, як і іншыя грамадскія навукі, мае асаблівы прадмет, які ўключае:

  • • права як сукупнасць агульнаабавязковых правіл паводзінаў, якія дзейнічаюць у цяперашні час або прымяняліся ў мінулым;
  • • дзяржава як механізм, які шляхам прававых норм забяспечвае кіраванне грамадствам;
  • • юрыдычную практыку — практыку прымянення прававых норм у канкрэтных адносінах.

Правазнаўства рашае шэраг задач, сярод якіх можна назваць наступныя:

  • 1) вызначэнне сутнасці права, распрацоўка асноўных навуковых катэгорый (такіх як «права», «абавязак», «прававы статус», «прававы прынцып» і г. д.);
  • 2) абгрунтаванне прычын і ўмоў узнікнення дзяржавы і права;
  • 3) асэнсаванне сутнасці працэсаў, якія адбываюцца ў дзяржаве і грамадстве;
  • 4) вызначэнне магчымых напрамкаў развіцця права і дзяржавы;
  • 5) выпрацоўка рэкамендацый па ўдасканаленні прававой сістэмы і функцыянаванні дзяржаўных інстытутаў.
icon-remember
Прыгадайце, што вывучае навука паліталогія, і правядзіце размежаванне паміж паліталогіяй і правазнаўствам. Ці звязаны гэтыя навукі? 

Такім чынам, правазнаўства не абмяжоўваецца вывучэннем толькі прававых норм, а займаецца таксама даследаваннем такіх важных пытанняў, як вызначэнне прычын узнікнення тых або іншых правіл паводзінаў, ролі дзяржавы ў дзейнасці па ўстанаўленні і прымяненні норм права, прынцыпаў узаемадзеяння дзяржавы і грамадзян, выяўленне праблем рэалізацыі прававых норм і выпрацоўка прапаноў па іх вырашэнні.