Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 9. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Геапалітычны статус Беларусі. Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Мяжуе на паўночным захадзе з Літвой, на поўначы — з Латвіяй і Расійскай Федэрацыяй, на паўночным усходзе і ўсходзе — з Расійскай Федэрацыяй, на поўдні — з Украінай, на захадзе — з Польшчай. Працягласць тэрыторыі краіны з поўначы на поўдзень — 560 кіламетраў, з захаду на ўсход — 650 кіламетраў. Плошча — 207,6 тыс. квадратных кіламетраў.

icon-task
Якое месца займае Беларусь па плошчы тэрыторыі і колькасці насельніцтва сярод еўрапейскіх краін? Якую пазіцыю па гэтых паказчыках займае беларуская сталіца сярод сталіц еўрапейскіх дзяржаў? Складзіце інфаграфіку. 

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і гэта становішча мае вялікае значэнне не толькі для яе самой, але і для іншых краін. Адзін з найбольш істотных бакоў такога становішча — транзітнасць. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць транспартна-камунікацыйныя калідоры, якія забяспечваюць міжнародныя сувязі Беларусі з краінамі Балтыі, Польшчай, Украінай, Расіяй. У той жа час яны звязваюць Расію з краінамі Усходняй і Заходняй Еўропы, Украіну і Малдову — з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, паўночным захадам Расіі.

Праз Беларусь пракладзены ўчастак транскантынентальнай чыгуначнай магістралі, якая перасякае ўсю Еўразію ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Беларусь з’яўляецца таксама краінай, праз якую здзяйсняецца больш за 50 % паставак энерганосьбітаў па магістальных нафта- і газаправодах з Расіі ў Заходнюю Еўропу. Такое становішча з’яўляецца важным геастратэгічным рэсурсам Беларусі, але разам з тым садзейнічае абвастрэнню ў краіне праблемы нелегальнай міграцыі з афрыканскіх і азіяцкіх краін.

Яшчэ адной асаблівасцю геаграфічнага становішча Беларусі з’яўляецца адсутнасць выхаду да мора, у сувязі з чым узнікае неабходнасць супрацоўніцтва з краінамі Балтыйскага рэгіёна, Расіяй і Украінай з мэтай выкарыстання іх марскіх партоў.

Геапалітычнае становішча вызначае месца дзяржавы ў сістэме міжнародных адносін, уключаючы не толькі становішча ў геаграфічнай прасторы, але і функцыянальную ролю ў сістэме дзяржаў. З гэтых пазіцый сёння Беларусі належыць роля не толькі «моста» паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем Еўропы, але таксама «моста» паміж Еўропай і Азіяй.

icon-remember
Успомніце з гісторыі, што такое Вялікі шаўковы шлях. Калі ён існаваў? 
icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра новы Шаўковы шлях — транспартную сістэму для перамяшчэння грузаў і пасажыраў па сушы з Кітая ў краіны Еўропы. Ці ёсць у Беларусі зацікаўленасць у рэалізацыі гэтага праекта?