Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 7. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI стагоддзя

Напрамкі ўстойлівага развіцця. У сучасных умовах змяняецца асноўная мэта грамадскага прагрэсу ў сувязі з пераходам на новыя прынцыпы ўзаемадзеяння прыроды, грамадства і чалавека. Найвышэйшай мэтай становіцца чалавек, яго духоўнае і фізічнае здароўе ў спрыяльным і бяспечным асяроддзі. Сёння недапушчальна вялікая няроўнасць у дабрабыце розных слаёў насельніцтва, а таксама цэлых краін і народаў. Новая цывілізацыйная мадэль уключае сучаснае разуменне сацыяльнай справядлівасці, эканамічнай эфектыўнасці і экалагічнай абароненасці.

Культ спажывання — купля дзеля куплі?

Меню сайта гандлёвага цэнтра
Меню сайта гандлёвага цэнтра
icon-discussions
Грамадства развітых краін свету ў цяперашні час нярэдка характарызуюць як «грамадства спажывання». Якія адметныя рысы грамадства спажывання? Ці магчыма дасягненне ўстойлівага развіцця, калі ўсе краіны на планеце паставяць сабе на мэце дасягненне высокага ўзроўню асабістага спажывання? 

Эканамічны напрамак устойлівага развіцця прадугледжвае змяненне структуры спажывання і вытворчасці. Калі б усе краіны свету наблізіліся да стандартаў спажывання развітых краін на цяперашняй тэхналагічнай аснове, то гэта магло б прывесці да катастрофы. Высокі ўзровень спажывання патрабуе інтэнсіўнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў — нафты, газу, вугалю і да т. п. Спальванне вугалю, нафтапрадуктаў забруджвае атмасферу, выклікае парніковы эфект, парушае экалагічную раўнавагу.

Новае разуменне эканамічнага росту постіндустрыяльнай эканомікі заснавана на ўкараненні рэсурсазберагальных тэхналогій. Найважнейшае значэнне мае выкарыстанне ў прамысловасці, на транспарце, у дамашняй гаспадарцы чыстай энергіі сонца, ветру, прыліваў і адліваў і да т. п. Укараненне ў вытворчасць найноўшых дасягненняў стала асноўным напрамкам эканамічнага развіцця. Менавіта новыя навуковыя распрацоўкі і іх укараненне становяцца асновай для пераходу да рэсурсазберагальнага і энергабяспечнага тыпу гаспадаркі. Таму важная дзяржаўная падтрымка навукі, якая фарміруе інавацыйны патэнцыял структурных пераўтварэнняў у эканоміцы. Усё больш шырокае распаўсюджванне атрымліваюць зялёная эканоміка, вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы.

icon-search
Што такое электробус? Дзе знаходзіцца самы вялікі ветрапарк у Беларусі? Знайдзіце інфармацыю, якія напрамкі з’яўляюцца прыярытэтнымі для развіцця зялёнай эканомікі ў нашай краіне. 

Шэраг краін прымае нормы, якія забараняюць выкарыстанне пластыку, аднаразовага посуду, поліэтыленавых пакетаў. Аднак важная і адказнасць бізнесу, саміх грамадзян. Напрыклад, ёсць крамы, дзе пакупкі ўпакоўваюцца ў шматразовыя мяшочкі ці ў прынесеную з сабой тару. Гэта дазваляе зменшыць колькасць адходаў, у першую чаргу поліэтыленавых, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Напэўна, вы заўважалі і кантэйнеры для збору адходаў рознага паходжання — для сарціроўкі адходаў першапачаткова на пластык, шкло, паперу і інш. Падтрымліваючы энерга- і водазберажэнне, правільную ўтылізацыю адходаў, мы падаўжаем сабе жыццё і робім яго больш якасным.

icon-discussions
У чым «плюсы» і «мінусы» рознай тары для пакупак у краме з пункту гледжання грашовых укладанняў вытворцы і спажыўца, экалагічных наступстваў? Якія віды ўпакоўкі з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі ў нашы дні? 

Сацыяльны напрамак устойлівага развіцця ўключае комплекс мер, накіраваных на захаванне жыцця і здароўя чалавека, павышэнне дабрабыту насельніцтва. Працяглае здаровае і актыўнае жыццё грамадзян — неабходная ўмова забеспячэння ўстойлівасці развіцця любой краіны.

Захаванне здароўя насельніцтва звязана з прадухіленнем распаўсюджвання небяспечных інфекцыйных хвароб. Уздзеянне шэрагу адмоўных фактараў асяроддзя пражывання, няякаснай пітной вады, курэння выклікаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні.

У шэрагу краін актуальнай з’яўляецца задача скарачэння дзіцячай смяротнасці, паляпшэння аховы мацярынства.

Палітыка аховы і ўзмацнення здароўя людзей у кожнай краіне павінна засноўвацца на прынцыпах, распрацаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Гаворка ідзе аб прыярытэтным развіцці першаснай медыка-санітарнай дапамогі як асновы сістэмы аховы здароўя, аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і да т. п.

icon-search
Прааналізуйце сэрвіс талон.бай — адзіную інтэрнэт-рэгістратуру Беларусі. Якія паслугі насельніцтву прапануе дадзены сэрвіс? Якая інфармацыя ўтрымліваецца ў асабістым кабінеце карыстальніка? Як сэрвіс талон.бай характарызуе сістэму аховы здароўя нашай краіны? 

Важнай задачай сусветнага супольніцтва з’яўляецца барацьба з галечай. Мяжа галечы вызначаецца суадносінамі даходаў і выдаткаў, неабходнымі для забеспячэння мінімальнага ўзроўню жыцця. Краіны — члены ААН дамагліся сур’ёзных поспехаў у ліквідацыі голаду і галечы. Многія краіны прынялі нацыянальныя «межы галечы» па даходах на душу насельніцтва.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН, «абсалютная галеча» азначае задавальненне толькі асноўных фізіялагічных і сацыяльных патрэб. «Адносная галеча» азначае мінімальны ўзровень жыцця, а не пытанне выжывання. Мяжа «адноснай галечы», як правіла, устанаўліваецца на ўзроўні 40 ці 50 % ад сярэдняга даходу на душу насельніцтва краіны. Праблема галечы звязана з высокім узроўнем беспрацоўя ў шэрагу краін. Гэта адна з галоўных прычын сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці, масавай міграцыі насельніцтва з бедных краін у спрыяльныя дзяржавы.

Дасягненне сацыяльнай стабільнасці ўключае абарону грамадства, асобы ад злачынных замахаў. У сувязі з глабалізацыяй міжнародны характар набылі такія злачынныя дзеянні, як абарот наркотыкаў, незаконная міграцыя, гандаль зброяй, легалізацыя злачынных даходаў і да т. п. У барацьбе са злачыннасцю ўзмацняецца міжнароднае супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі ААН, міжурадавымі арганізацыямі.

Экалагічны напрамак устойлівага развіцця ўключае змяненне прыярытэтаў у экалагічнай і эканамічнай палітыцы дзяржаў. Ахова навакольнага асяроддзя становіцца неад’емнай часткай развіцця, пры якім захоўваецца прыродна-рэсурсны патэнцыял як для цяперашняга, так і для будучых пакаленняў. Сёння шмат увагі надаецца павышэнню экалагічнай бяспекі гаспадарчых аб’ектаў, тэхнікі, тэхналогіі, матэрыялаў. Важнае значэнне маюць фінансаванне прыродаахоўных мерапрыемстваў, узмацненне прававой адказнасці за прыродаахоўныя парушэнні.

Экалагічны аспект устойлівага развіцця прадугледжвае захаванне біялагічнай разнастайнасці, бяспечнае прымяненне высокіх тэхналогій, хімічных рэчываў. Важна пры рашэнні ўсіх сацыяльна-эканамічных праблем улічваць патрабаванні захавання жыцця і здароўя чалавека, навакольнага асяроддзя.

icon-idea
Выканайце міні-праект «Экалагічная ініцыятыва». Правядзіце пошук актуальнай інфармацыі аб стане экалагічнай абстаноўкі ў рэгіёне вашага пражывання па адным з кірункаў: «Водазберажэнне», «Якасць атмасфернага паветра», «Біяразнастайнасць», «Энергазберажэнне», «Абыходжанне з адходамі». Прапануйце ідэю мерапрыемства для паляпшэння экалогіі ў населеным пункце, дзе вы пражываеце. 

Усе 17 Мэт устойлівага развіцця ўзаемазвязаныя і ўніверсальныя, бо галоўны падыход — «нікога не пакідаць у баку». З аднаго боку, гэта захаванне інтарэсаў кожнага, з другога — усе павінны быць прыцягнуты да рэалізацыі пастаўленых мэт.

Партнёрства і супрацоўніцтва — умовы дасягнення МУР, якія структурыруюць па пяці асноўных напрамках, так званых 5Р: людзі (people), росквіт (prosperity), мір (peace), партнёрства (partnership), планета (planet). МУР — гэта стратэгія ўсяго чалавецтва, і праблематыка іх дасягнення трывала замацоўваецца ў стратэгічным нацыянальным парадку дня ўсіх дзяржаў свету.